Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
02 марта 2017

“І прасілася песня ў свет…”

Так назвалі літаратурна-музычную кампазіцыю, якую члены аматарскага літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” на лютаўскім пасяджэнні прысвяцілі 85-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, кампазітара, дзеяча самадзейнага мастацтва, Заслужанага работніка культуры БССР Альфрэда Шутава.

 

Падрабязна пра жыццё і творчасць юбіляра распавяла бібліятэкар Галіна Ніціеўская. Яна ўзгадала той час, калі была сама ўдзельніцай Натальеўскага хору пад кіраўніцтвам Альфрэда Пятровіча. Паведаміла, якім ён быў чалавекам, музыкантам і кіраўніком. Удзельнікі клуба на мультымедыйнай устаноўцы паглядзелі фотаздымкі  розных часоў, на якіх зняты наш земляк, паслухалізапіс песні “Бярозка” у выкананні Вольгі Шутавай (першай жонкі дзеяча самадзейнага мастацтва) з кінафільма “Спяшайся будаваць дом”.

Сваімі ўспамінамі падзяліўся сябра клуба Анатоль Турбал, які разам з жонкай спяваў у Натальеўскім хоры. Ён расказаў, як калектыў атрымаў званне народнага, як ездзілі на розныя конкурсы і як на “ура” ацэньвалі іх выступленні. Потым ў выкананні Людмілы Турбал на музыку Шутава прагучала песня “Вішня белая” пад акампанемент Анатоля Сцяпанавіча і ў дуэце яны спелі беларускую народную песню “Было ў каморы жыта” у апрацоўцы кампазітара.

Потым выступілі настаўнікі роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч і Уладзімір Адамовіч. Яны распавялі, што акрамя музычных твораў Альфрэд Пятровіч яшчэ пісаў і паэтычныя радкі. У гэтай сувязі ўзгадалі“Сказ пра Ігумен” і першы зборнік самадзейных паэтаў “Мая Ігуменшчына”, які адкрываўся аднайменным вершам Алеся Жарта (творчы псеўданім Альфрэда Шутава). У апошнім ён вельмі яскрава выказаў сваю любоў да роднага краю, сваёй Радзімы.

Другая тэма пасяджэння была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы. З якога часу яе пачалі адзначаць і што гэтаму паспрыяла, расказаў Валерый Захараў. Ён зачытаў тост Мікіты, які гучаў на трасянцы з рамана ў вершах “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча. Удзельнікі сустрэчы дыскуціравалі пра мову, на якой у асноўным мы размаўляем, так званую “трасянку”.

Потым сябры клуба чыталівершы, прысвечаныя  роднай мове. Гучалі мілагучныя радкі Сяргея Грахоўскага, Аляксея Пысіна, Францішка Багушэвіча, Пімена Панчанкі, Алеся Мілюця, Мікалая Мятліцкага, Эдуарда Валасевіча, Ніла Гілевіча. Іх прачыталі Зоя Сушкевіч, Вера Хаткевіч, Леанід Шофман, Яўген Несцяровіч, Ганна Чуган, Людміла Чаркоўская, Валянціна Белавусава, Аляксандра Раманькова, Васіль Шачок, Сафія Картавусава, Марыя Чаган. З замілаваннем удзельнікі сустрэчы паслухалі асабістыя вершы пра матчыну мову Раісы Церашонак і Уладзіміра Адамовіча.

На гэтым пасяджэнні быў прадстаўлены старшыня літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” – Валерый Васільевіч Захараў, настаўнік роднай мовы і літаратуры.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота аўтара.