Распачала сустрэчу студэнтка-практыкантка факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Лапшына. А потым госця, Наталля Уладзіміраўна Тарасік, распавяла пра сістэму судоў у Рэспубліцы Беларусь, пра паняцце і састаў злачынства. Яна расказала пра меры пакарання ў адносінах да непаўналетніх і іншыя меры крымінальнай адказнасці. Прысутныя даведаліся, што крымінальная адказнасць наступае ўжо з 16 гадоў, але ў пэўных выпадках — і з 14. А таксама пра тое, што з пачатку гэтага года ў судзе былі разгледжаны тры справы ў адносінах да непаўналетніх.
Актыўны ўдзел у абмеркаванні тэмы ўзялі вучні СШ №4 г.Чэрвеня і іх класны кіраўнік Людміла Васільеўна Баброўская. Яны задавалі пытанні аб крадзяжы і нанясенні ўрону маёмасці, аб распіцці спіртных напояў і з’яўленні ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, аб курэнні… Пыталіся, што будзе, калі збегчы ад міліцыі з месца злачынства, аб пакаранні за паўторнае злачынства ў час адтэрміноўкі ды іншае.