А потым прысутныя перайшлі да разгляду дзвюх постацяў, дзвюх асобаў. Першы з іх — Тарас Шаўчэнка. Украінскаму паэту, мастаку, заснавальніку новай украінскай літаратуры і нацыянальнай літаратурнай мовы споўнілася сёлета 200 гадоў з дня нараджэння.
Распачаў гутарку пра слынную асобу старшыня клуба «Ветразь» Уладзімір Дарагуж. Ён прачытаў на памяць верш паэта «Запавіт». Затым прысутныя пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Тараса Шаўчэнкі, прагледзелі з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі яго партрэты, гістарычныя і жанравыя кампазіцыі, ілюстрацыі, натуральныя замалёўкі, афорты, гравюры.
Сябры клуба Уладзімір Крамарчук і Зоя Сушкевіч прачыталі вершы са зборніка «Кабзар». Колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч адзначыў, што Тарас Шаўчэнка — вечная душа Украіны. І духоўна ён перажыў усіх рускіх цароў. Выступаў за вольную, незалежную Украіну. А другі колішні выкладчык беларускай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч узгадаў свае ўражанні ад даўнейшага наведвання Кіева і музея Тараса Шаўчэнкі з вучнямі СШ №2 г.Чэрвеня.
Пра знакавую асобу ў гісторыі Беларусі — Кастуся Каліноўскага — падрабязна распавяла бібліятэкар Жанна Крук. Гэтая постаць абрана для ўзгадак і ўшанавання ў сувязі са 150-годдзем з дня смерці лідара беларускага нацыянальнага вызваленчага руху, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.
Падчас пасяджэння сябры клуба даведаліся, як Кастусь Каліноўскі адлюстраваны ў творах паэтаў, мастакоў і кампазітараў. Дзякуючы Уладзіміру Дарагужу, прысутныя пабачылі на мультымедыйнай устаноўцы выявы палотнаў мастакоў, на якіх прысутнічае Кастусь Каліноўскі, і паслухалі запісы музычных твораў, прысвечаных яму.
Напрыканцы сустрэчы аматары паэзіі Зоя Сушкевіч, Софія Картавусава, Марыя Чаган, Галіна Ніціеўская, Аляксандра Раманькова, Лідзія Пыка, Валянціна Белавусава, Кацярына Дадалка і Яўген Несцяровіч чыталі вершы беларускіх паэтаў, у якіх услаўлены верны сын зямлі беларускай.