У гэтым годзе споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння паэта. Пра жыццё і творчасць юбіляра расказала бібліятэкар Вольга Пусева. Удзельнікі клуба даведаліся, што Паўлюк Трус нарадзіўся 6 травеня (мая) 1904 года ў вёсцы Нізок Ігуменскага павета ў сялянскай сям,і. У 1927 годзе скончыў у Менску Беларускі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Пісаць вершы пачаў у 1923 годзе. У 1924 годзе увайшоў у літаратурнае аб,яднанне “Маладняк”. Памёр 30 жніўня 1929 года.
Сябры клуба на мультымедыйнай устаноўцы праглядзелі цікавыя фотаздымкі, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта. Удзельніцы літаратурна – музычнай гасцёўні Вера Хаткевіч, Марыя Чаган, Алена Адамовіч, Сафія Картавусава, Аляксандра Раманькова, Валянціна Белавусава, Зоя Сушкевіч з задавальненнем чыталі вершы юбіляра. І ў заключэнні ў выкананні гурта “Песняры” прагучала песня І.Лучанка на словы Паўлюка Труса “Падаюць сняжынкі”.
У рубрыцы “Наш каляндар” гаворка ішла яшчэ пра адну асобу, выдатную дзеячку (выдатнага дзеяча) беларускай культуры Марыю Адамейка. У гэтым годзе спявачцы споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння. Пра жыццё і творчасць юбіляркі цікава расказала бібліятэкар Галіна Ніціеўская. Нарадзілася Марыя 20 травеня(мая) 1929 года ў Днепрапятроўску. Неўзабаве яе бацькі пераехалі на радзіму ў в. Жыцькава Барысаўскага раёна. Калі дзяўчынцы споўнілася 12 гадоў акупанты вывезлі яе ў Германію на прымусовыя работы. З маленства яна была звязана з беларускай песняй і аддана была ёй усё сваё свядомае жыццё. З 1947 па 1952 гада Марыя Адамейка працавала мастацкім кіраўніком Чэрвеньскага раённага дома культуры. У 1952 годзе яна была запрошана знакамітым хормайстрам Генадзем Цытовічам у Беларускі народны хор (цяпер Нацыянальны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цытовіча). Яна выконвала беларускія народныя жартоўныя песні і прыпеўкі адна (сола) і ў дуэце з Ганнай Аўдзеенка. Сябры клуба з замілаваннем паслухалі запісы дзвюх песень: “Лекар – чараўнік” і “Рэчыцкая лірычная”. У 1963 годзе спявачцы было прысвоена ганаровае званне Заслужанай артысткі Беларусі.
З успамінамі пра Марыю Адамейка падзялілася Лідзія Мікалаеўна Задорына, якая была актыўнай удзельніцай самадзейнасці дома культуры і сябравала з ёю.
Генадзь Захаравіч Няборскі расказаў пра сваю працу з мужам спявачкі Мікалаем Фаменка, які ў той час быў дырэктарам Чэрвеньскага дома культуры. Яны разам выконвалі акрабатычныя эцюды.
Пра апошнюю сустрэчу з Марыяй Адамейка на сцэне Мінскага палаца прафсаюзаў у канцы 80 –х гадоў распавёў старшыня клуба Уладзімір Дарагуж. Прысутныя праглядзелі здымкі пра мастацкую самадзейнасць дома культуры. Уладзімір Дарагуж унёс прапанову стварыць мемарыяльную дошку, прысвечаную М.У.Адамейка і ўсталяваць яе на будынку Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэкі, дзе раней знаходзіўся Раённы дом культуры.
Адамейка – фота(з архіва Л.М.Задорынай).
Калектыў Чэрвеньскага РДК у 1950 г.
Сядзіць крайні справа дырэктар дома культуры Мікалай Фаменка з сынам. Побач яго жонка марыя Адамейка – мастацкі кіраўнік дома культуры.
Стаіць крайняя справа Лідзія мікалаеўна Задорына.