Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
02 октября 2014

“…Душа асвежыць, мысль заспакое…”

Асноўная тэма вераснёўскага паседжання літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” была прысвечана творчасці беларускага пісьменніка Старога Уласа (сапр. Сівы-Сівіцкі Уладзіслаў Пятровіч).

Пра жыццё і творчасць асобы вельмі эмацыянальна і грунтоўна распавяла бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Шульга.

Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж прадэманстраваў з асабістай бібліятэкі адзіны зборнік пісьменніка “Год беларуса”, які выйшаў у 1990 годзе.

Ён узгадаў вельмі трапныя словы пісьменніка Максіма Гарэцкага пра Старога Уласа: “ Такія паэты маюць у нашай паэзіі літаральна маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукой, што не толькі “з народа”, але і “сам народ”. Яго творы часам не вельмі складныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцця беларускай вёскі. Яны – натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легенд і жартаў”.

Удзельнікі сустрэчы ўбачылі фотаздымкі, якія тычыліся жыцця і творчасці паэта, празаіка, збіральніка беларускага фальклору.

Потым сябры клуба Лідзія Пыка, Алена Чаркасава, Аляксандра Раманькова, Валянціна Рухлова чыталі вершы Старога Уласа.

Рубрыка “Наш каляндар” была прысвечана Першай сусветнай вайне. Распачала яе Зоя Сушкевіч урыўкам з цыкла антываенных вершаў Янкі Купалы “Песьні вайны”. Потым слова ўзяў Уладзімір Дарагуж. Ён узгадаў прысутным, што у гэтым годзе споўнілася сто гадоў з дня пачатку вайны. Распавёў пра ролю вайны ў лёсе беларусаў.