На сустрэчы прысутныя даведаліся, што паэт родам з Ушаччыны. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях (сярод іх – газета “Советская Белоруссия”, часопісы “Бярозка”, “Полымя”), а таксама ў выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура”. Рыгор Барадулін – апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта. Сярод астатніх узнагарод ён ганарыўся Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Рум” і пераклады з Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латышскім Ордэнам Трох Зорак і медалём Францыска Скарыны. Барадулін быў таксама Ганаровым доктарам БДУ. Першы зборнік паэзіі паэта “Маладзік над стэпам” выйшаў у 1959 годзе. Цалкам плён працы Барадуліна складае каля 70 выдадзеных зборнікаў паэзіі (сярод якіх шмат зборнікаў сатыры і гумару, а таксама вершаў для дзяцей), крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў.
Госці сустрэчы на мультымедыйнай устаноўцы праглядзелі семнадцаціхвілінны дакументальны фільм “Рыгор Барадулін. Пачуй”. Потым былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч узгадаў пра свае гады вучобы на філалагічным факультэце БДУ. Яму пашчасціла вучыцца ў той час таму, што разам з ім вучыліся найбольш таленавітыя студэнты. Сярод іх быў і Грыша. Ён вучыўся на курс старэй. Настаўнік расказаў пра вучобу ва ўніверсітэце, студэнцкае жыццё ў інтэрнаце, пра каханую Грышы Валянціну, якая потым стала яго жонкай… У тыя далёкія 60–я гады ХХ стагоддзя студэнцкія атрады адпраўлялі на Цаліну. Яўген Антонавіч распавёў, як працавалі, харчаваліся і адпачывалі там. Р.Барадулін у той час напісаў цыкл вершаў пра Цаліну, за што атрымаў другую прэмію. Верш “Насціна кухня” з гэтага цыкла прагучаў у выкананні Яўгена Несцяровіча. Апошні раз настаўнік сустрэўся з Р.Барадуліным на Чэрвеньскай зямлі ў 2000-м годзе.
Пра сустрэчу з паэтам, якая адбылася ў тым жа 2000-м годзе ў Чэрвені ў кінатэатры “Сучаснік”, узгадаў прысутным і сябра клуба Уладзімір Адамовіч. Там ён быў са сваёй дачкой Святланай, якой пашчасціла ўзяць інтэрв’ю ў Рыгора Барадуліна. Уладзімір Паўлавіч расказаў, што паэту падабаўся наш горад. Тут яму было і трывожна, і спакойна. Настаўнік прачытаў і прааналізаваў вершы юбіляра, дадаўшы, што лепей за Р. Барадуліна і не скажаш.
А старшыня клуба Уладзімір Дарагуж паведаміў удзельнікам пра тое, што ўпершыню яго сустрэча з паэтам адбылася ва ўніверсітэце падчас вучобы. Апошні раз ён бачыўся з юбілярам у чэрвені 2006 года ў Чырвоным касцёле на вечарыне беларуска-шведскай дружбы. Дарэчы, на ёй праходзіла прэзентацыя кнігі духоўнай паэзіі “Ксты” Р.Барадуліна.
Потым сябры клуба Зоя Сушкевіч, Юлія Бандарык, Людміла Чаркоўская, Наталля Жданок, Аляксандра Раманькова, Валянціна Белавусава, Любоў Джафарава чыталі вершы паэта.
Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі з задавальненнем слухалі песні на словы Р. Барадуліна. Прагучалі песні: “Тайная вячэра” з альбома “Псалмы і балады” у выкананні Алеся Камоцкага, “Пані трошкі ў гадах” з альбома “Паравоз кахання” у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і “Белая яблыня грому” з альбома “Белая яблыня грому” у выкананні Лявона Вольскага.
Трэба сказаць, што ў бібліятэцы маюцца кнігі з подпісам самаго аўтара. Гэта: Выбраныя творы Р. Барадуліна ў 2-х тамах і кніга вершаў “Ксты”. На першай надпіс: “Цэнтральнай бібліятэцы. Хай будзе шмат чытачоў” 13.10.2000г. і другая: “Чытачам Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі з пашанай” 24.05.2010г.
Сустрэча атрымалася змястоўнай і цікавай. Доўжылася яна больш за дзве гадзіны.