Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
20 апреля 2017

На сакавіцкім пасяджэнні клуба “Ветразь”

Ці ведаеце вы, хто такі Напалеон Орда? А Міхаіл Варвулёў? Як гучаць вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа па-руску?

Адказы на гэтыя пытанні можна было пачуць на сакавіцкім пасяджэнні літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, якое прайшло (без перабольшвання!) “эстэтычна”, па-мастацку.

 

Напалеон Орда… Мастак і кампазітар, скульптар і педагог, які быў знаёмы з Ф.Лістам, Дж.Расіні, А.Бальзакам, І.Тургеневым і іншымі выдатнымі асобамі. Ён музыцыраваў разам з Ф.Шапэнам, суправаджаў ігрой паэтычныя імправізацыі Адама Міцкевіча. Вучоба маляванню ў студыі майстра архітэктурнага пейзажу П.Жэрара дапамагла стварыць знакамітыя выявы гарадскіх відаў. Як мастак-дакументаліст, Орда стварыў серыю твораў, на якіх адлюстраваны гістарычныя месцы Беларусі, Літвы, Усходняй Прусіі… Агульная калекцыя малюнкаў  складае больш за 1150 карцін.

Цікавыя звесткі аб гэтай таленавітай асобе суправаджаліся каментарыем і праглядам слайдавай прэзентацыі, падрыхтаванай Валерыем  Захаравым.

Святлана Ждановіч змястоўна і цікава расказала пра Міхаіла Варвулёва – народнага артыста СССР, лёс якога быў звязаны і з Беларуссю. З 1946 года – саліст Беларускага тэатра оперы і балета, у ім спявак дэбютаваў у оперы “Кармэн” Ж.Безэ. Гэта быў не толькі оперны дзеяч, але і цудоўны выканаўца народных песень. У час “жалезнага занавесу” ён гастраляваў у Польшчы, Югаславіі, ГДР, Англіі. Крытыкі ўсхвалялі яго барытон і называлі імя Варвулёва ў радзе найвыдатнейшых спявакоў свайго часу.

Быў прагледжаны змястоўны фільм, прысвечаны жыццю і творчасці песеннага майстра.

Шыкоўна гучала на пасяджэнні і літаратурна-музычная кампазіцыя “Традыцыі сумесных спраў”, прысвечаная Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Яна была арганізавана сумесна з Чэрвеньскай дзіцячай школай мастацтваў. Удзельнікі клуба прачыталі вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы ў перакладзе расійскіх паэтаў – М.Ісакоўскага, П.Ірыніна, М.Камісаравай і іншых. Цікавую інфармацыю аб асаблівасцях літаратурных сувязяў у СССР падаў Яўген Несцяровіч.

Парадавалі чытаннем твораў знакамітых класікаў Алена Шульга, Сафія Картавусава, Святлана Ждановіч, Жанна Крук, Уладзімір Адамовіч, Міхаіл Шчэрбач, Вера Хаткевіч, Людміла Турбал. Цудоўна, меладычна была выканана ёю песня на словы Янкі Купалы “Явар і Каліна” пад акампанемент мужа Анатоля Турбала.

Гучалі вершы ў выкананні Валерыя Захарава, Галіны Ніціеўскай, Галіны Калеснік, Уладзіміра Адамовіча, Уладзіміра Крамарчука, Алены Мацвеевай, Вольгі Зіневіч і Любові Джафаравай.

Чытальнікам удалося па-майстэрску перадаць асаблівасці беларускага і рускага вымаўлення, змест арыгіналаў і перакладаў.

Вяршыняй сустрэчы былі песні: “Малітва” на словы Янкі Купалы ў выкананні народнага вакальнага ансамбля “Рэха” (пад акампанемент Любові Доліч, салістка – Юлія Жукоўская-Губашына) і “Беларусь сінявокая” на словы Уладзіміра Карызны ў суправаджэнні музычнай капэлы “Ігуменскія крыніцы”.

Прыходзьце на сустрэчу з “Ветразем”! Вы далучыцеся да лепшых здабыткаў айчыннай і сусветнай культуры, станеце актыўнымі удзельнікамі мастацкіх працэсаў.

                                                                 Валерый ЗАХАРАЎ,

старшыня клуба “Ветразь”