Пераацаніць творчасць і ролю Янкі Купалы ў літаратурна-адраджэнскім жыцці Беларусі цяжка. Тытан рамантычна-ўзнёслай думкі, барацьбіт за духоўнае і фізічнае разняволенне свайго народа, яго будучыню, паэт, без якога грамадскае і культурнае развіццё беларускай нацыі цяжка ўявіць, чалавек трагічнага і непаўторнага лёсу.
135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы было прысвечана чарговае пасяджэнне літаратурна-мастацкага аб’яднання “Ветразь”. Абысці такую дату, звязаную з жыццём класіка беларускай літаратуры, недаравальна. Удзельнікі пасяджэння з натхненнем гаварылі пра Янку Купалу як непаўторную постаць у гісторыі не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры. Нездарма творы класіка, надрукаваныя на шматлікіх мовах свету, сталі своеасаблівым сведчаннем росту свядомасці нацыі да жадання “людзмі звацца”.
Цікава і грунтоўна пра паэта, як заўсёды, расказалі літаратурныя эксперты “Ветразі” Несцяровіч Я., Адамовіч У., засяродзіўшы ўвагу на тым, што Янка Купала – найвялікшы сын беларускай зямлі, класік літаратуры, геній нашых дум, наш гонар.
Хаткевіч В. узгадала, як школьніцай уручала букет кветак цётцы Уладзі (Уладзіслава Францаўна – жонка Янкі Купалы), калі тая ў 1957 годзе завітала ў вёску Вялікая Кракотка на 30-годдзе бібліятэкі, якая насіла імя Янкі Купалы.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Аўласенка выказаў свае думкі на- конт трагічнай смерці паэта ў 1942 годзе ў Маскве. Прачытаў вершы.
Карэспандэнт газеты “Раённы веснік” Малахоўская М. выказала асабістыя ўражанні ад свята паэзіі “Пад Купалавай зоркай”, у якім яна ўдзельнічала. Свята ладзілася ў Лагойску.
Натхнёна і выразна гучалі вершы ў выкананні Несцяровіча А., Чакан М., Картавусавай С. С.Кайрыс прачытала на памяць урывак з паэмы Янкі Купалы “Курган”, а У.Адамовіч эмацыянальна і па-мастацку адметна прадэкламаваў класічны верш паэта “Малітва”.
Ні адно пасяджэнне аб’яднання не абыходзіцца без творчага дуэта мужа і жонкі Анатоля і Людмілы Турбалаў. Эмацыянальны настрой “Ветразі” без гэтай пары ўявіць цяжка. Вось і на гэты раз у іх выкананні натхнёна і адданна, настраёва прагучалі песні “Спадчына”, “Явар і Каліна” на словы Янкі Купалы.
Хацелася б падзякаваць усім удзельнікам за іх неабыякавасць, адданасць у правядзенні пасяджэнняў літаратурна-мастацкага аб’яднання “Ветразь”.
В.Захараў, старшыня аб’яднання