Васьмідзесяціпяцігоддзю з дня нараджэння ўкраінскай паэткі Ліны Кастэнка была прымеркавана сустрэча “Мелодыі кахання”. Пра жыццё і творчасць юбіляркі распавялі бібліятэкары. Потым на мультымедыйнай устаноўцы былі прадэманстраваны фотаздымкі паэткі ў студэнцкія гады, падчас вучобы ў літаратурным інстытуце, разам з дачкой і ўнучкай, у Чарнобыльскай зоне… Удзельнікі клуба паглядзелі відэаролік прэзентацыі зборніка Л. Кастэнка “Рэчка Геракліта”, якая праходзіла ў Кіеве ў лютым 2011 года. Затым сябры клуба Зоя Сушкевіч, Сафія Картавусава, Марыя Чаган, Кацярына Дадалка, Алена Шульга і Алена Адамовіч чыталі вершы юбіляркі ў перакладзе Ніны Мацяш. З задавальненнем прысутныя слухалі песні на словы Ліны Кастэнка ў выкананні Вольгі Багамолец і Ігара Жука. Напрыканцы літаратурнай гасцёўні старшыня клуба Уладзімір Дарагуж прачытаў адзін з апошніх вершаў паэткі.
Наступнай асобай, пра якую ішла гаворка на пасяджэнні клуба, быў Францішак Багушэвіч. Сустрэча была прысвечана 175–годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка. Яна мела назву “Не пакідайце ж мовы нашай…”. Старшыня клуба падчас турыстычнай вандроўкі пабываў на малой радзіме пісьменніка ў вёсцы Кушляны Гродзенскай вобласці. Вельмі шмат фотаздымкаў на мультымедыя, звязаных з роднымі мясцінамі аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, убачылі ветразеўцы на свае вочы. Потым праглядзелі дзесяціхвілінны кінафільм “Гісторыя Беларусі. Францішак Багушэвіч”. Паслухалі верш пісьменніка “Прэч бутэлькі, люлькі, карты!...” у выкананні Сяржука Сокалава–Воюша і ў яго ж выкананні “Маналог Францішка Багушэвіча”. Затым былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч узгадаў, якія творы пісьменніка вывучалі ў школе. Ветразеўцам ён таксама распавёў аб падзеі, якая яго вельмі ўразіла. Супраць Францішка Багушэвіча, аўтара верша “Гора”, была ўзбуджана судовая справа праз пяць гадоў пасля яго смерці. Гэта неверагодна! А сябра клуба Уладзімір Адамовіч зазначыў, што Францішак Багушэвіч – наш гонар і наша годнасць. Ён заклаў падмурак нашай беларускай літаратуры. Узгадаў і пра тое, што пісьменнік быў спагадлівым, добразычлівым і сумленным чалавекам. У выкананні былога настаўніка роднай мовы і літаратуры прагучаў верш аўтара “Песня”.
Напрыканцы пасяджэння Уладзімір Паўлавіч падзякаваў за тое, што ўспомнілі такіх дзвюх таленавітых асоб: Ліну Кастэнка і Францішка Багушэвіча, якія падаравалі нам сваю творчасць.
Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэкі