Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Предупреждение

JUser: :_load: Не удалось загрузить пользователя с ID 831.

04 ноября 2015

Кастрычніцкае пасяджэнне клуба “Ветразь”

2015 год ЮНЕСКА абвясціў годам Агінскага.

З нагоды 250-годдзя з дня нараджэння выдатнага кампазітара, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча літаратурна - паэтычны клуб “Ветразь” запрасіў сваіх удзельнікаў на літаратурна - музычную гасцёўню “Вяртанне да Агінскага.

На сустрэчы  старшыня клуба Уладзімір Дарагуж распавёў членам клуба аб тым, што род Агінскіх старадаўні і княжацкі, меў свой герб, ён прадэманстраваў на мультымедыйнай устаноўцы два кінафільмы. Першы - “Полонез. Михаил Огинский», другі – “Міхал Клеафас Агінскі”.

Сябры клуба даведаліся, што кампазітарскую дзейнасць Міхал Клеафас Агінскі пачаў у 1790-я гады стварэннем маршаў і баявых песень. Ён аўтар папулярных паланэзаў, фартэпіянных п’еc, рамансаў…  Самым любімым месцам жыцця Міхала Клеафаса Агінскага было Залессе. Залесская сядзіба знаходзілася ў Ашмянскім павеце ў прывабным маляўнічым месце на беразе ракі Віліі. Побач з мураваным палацам Агінскія заклалі англійскі парк па тагачаснай модзе. Яны пабудавалі млын, аранжэрэі і цяпліцы, дзе вырошчвалі экзатычныя расліны. У Залессі нарадзілася пяцёра дзяцей ад другога шлюбу з італьянкай Марыяй Нэры. (Ад першага шлюбу з Ізабелай Лясоцкай нарадзілася двое сыноў). Менавіта ў Залессі Міхалу Клеафасу добра пісалася, ствараліся новыя творы. Дарэчы, пранікнёны лірычны твор ля-мінор “Развітанне з Радзімай” напісаны ў Залессі. Тут ён пражыў з рознымі інтэрваламі 20 гадоў. Потым выехаў з сям’ёй за мяжу. Апошнія 11 гадоў свайго жыцця Міхал Клеафас пражыў у Фларэнцыі. Сёння нашчадкі Агінскага жывуць у Польшчы, Англіі, Даніі, Швейцарыі і іншых краінах свету. Сучасныя англійскія нашчадкі, музыканты Анджэй і Іва Залускія, напісалі некалькі кніг пра свайго славутага продка. Некаторыя з іх выдадзеныя і ў Беларусі.

З замілаваннем удзельнікі клуба праслухалі запіс самага вядомага паланэза Агінскага “Развітанне з Радзімай” ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і Веранікі Кругловай  і ансамбля “Песняры”. Потым прачыталі вершы беларускіх паэтаў Ніла Гілевіча, Віктара Шніпа, Леаніда Пранчака і Мар’яна Віжа, прысвечаных кампазітару.

Другая тэма кастрычніцкага пасяджэння клуба мела назву “Восеньскія матывы”. Сябры клуба падрыхтавалі любімыя вершы пра восень. На памяць паэтычныя творы  беларускіх, рускіх, украінскіх паэтаў прачытаў Уладзімір Георгіевіч. Уласныя вершы па тэме чыталі Раіса Терашонак і Наталля Жданок, а творы іншых паэтаў пранікнёна прачыталі Дзіна Пупко, Галіна Калеснік, Софія Кайрыс, Аляксандра Раманькова, Лідзія Пыка, Кацярына Дадалка, Софія Картавусава. Сябра клуба Алена Туміловіч пазнаёміла прысутных з вершамі роднага брата Валерыя Казакевіча. А былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч узгадаў членам клуба цудоўныя урыўкі з твораў класікаў літаратуры пра восень. І экспромтам, пад уражаннем усяго пасяджэння літаратурна-паэтычнага клуба, напісаў і прачытаў верш “Восень нашага жыцця”, у якім узгадаў і выдатнага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага.

У канцы сустрэчы сябры клуба з задавальненнем праслухалі запісы песень “Залатая восень”, “Восень – пара кахання”, “Жураўлі”, “Апалае лісце”, “По дороге в Загорск” у выкананні Якава Навуменкі, Эдуарда Хіля, Квіткі Цысык, Іва Мантана і Ніны Шацкай.

Трэба адзначыць, што да нас на кастрычніцкае пасяджэнне ўпершыню завіталі Таццяна Бушкевіч і Ева Марчанка. Мы рады вітаць нашых новых сяброў!

Святлана  ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі