20 красавіка ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся ХХІІ адкрыты фестываль-конкурс “Веснавы праменьчык 2018”, які праводзіўся сярод навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, дзіцячых музычных школ, а таксама агульнаадукацыйных устаноў: школ, гімназій, гімназій-каледжаў мастацтваў.
Мэтай конкурсу з’яўляецца выяўленне адораных навучэнцаў, развіццё іх творчых здольнасцяў, прапаганда ансамблевай музыкі, у тым ліку беларускіх кампазітараў, павышэнне педагагічнага і выканальніцкага майстэрства выкладчыкааў.
Чэрвеньскаю дзіцячую школу мастацтваў у намінацыі “Фартэпіянныя ансамблі” прадставіў на конкурсе дуэт – Яна Баброўская і Яна Ламака (клас выкладчыка Маргарыты Леанідаўны Коршунавай). Яны выканалі Польку “Трык-трак” Іагана Штрауса і Вальс Мі бемоль мажор нашага знакамітага земляка, кампазітара Станіслава Манюшкі.
За ўдалае выступленне юныя музыканты былі ўдастоены дыплома і атрымалі памятныя сувеніры.
Дзяўчаты – частыя ўдзельніцы разнастайных канцэртаў і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашай школе не толькі для вучняў і іх бацькоў, але і для ўсіх аматараў музычнага мастацтва Чэрвеньшчыны.
Дарэчы, менавіта гэты фартэпіянны дуэт меў гонар прымаць удзел у цэрымоніі адкрыцця музычнай гасцёўны Станіслава Манюшкі ў Смілавічах.
Спадзяёмся, што ўдзел нашых юных музыкантаў у конкурсах і фестывалях будзе з’яўляцца добрым прыкладам для ўсіх тых, хто ў будучым збіраецца прыйсці вучыцца ў нашу Школу мастацтваў.
Галіна Прышывалка,
дырэктар ДУА «Чэрвеньская дзіцячая школа мастацтваў»,
фота аўтара

