З нагоды 199-й гадавіны з дня нараджэння выдатнага кампазітара, дырыжора, арганіста, стваральніка беларускай класічнай нацыянальнай оперы Станіслава Манюшкі, народная музычная капэла “Ігуменскія крыніцы” Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавала адмысловую праграму, з якой выступіла перад вучнямі і настаўнікамі Лядзенскага дзіцячага сада-школы і школы №3 г.Чэрвеня.
Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага музыканта, даведацца пра гісторыю стварэння некаторых яго музычных твораў, якія прагучалі ў канцэртнай праграме.
Другая частка сустрэчы была прысвечана знаёмству аматараў музычнага мастацтва з творамі, якія зусім нядаўна ўвайшлі ў рэпертуар калектыва. Гэта вядомыя кампазіцыі Джона Ленана і Робі ван Лэўэна, Барыса Аляксандрава і Вячаслава Кузняцова.
Удзячная публіка вельмі цёпла сустрэла выступленне музыкантаў, тым больш, што канцэртная праграма была складзена з улікам розных густаў і ўзроставых груп слухачоў, мела як пазнавальны, так і забаўляльны змест, і таму сярод прысутных не было нікога, хто б застаўся абыякавым да сустрэчы з чароўным светам музычнага мастацтва.

