Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
03 июня 2015

Да партрэтаў Валенція Ваньковіча і Тамары Раеўскай

Чарговае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” было прысвечана вядомаму беларускаму мастаку Валенцію Ваньковічу і вядомай беларускай спявачцы Тамары Раеўскай.

03-06-2015-1 copy

Вечарына “Да партрэта Валенція Ваньковіча” пачалася з прагляду дакументальнага фільма “Валенцій Ваньковіч. Шлях мастака”. Потым старшыня клуба Уладзімір Дарагуж паведаміў, што Валенцій Ваньковіч нарадзіўся на Ігуменшчыне. У гэтым годзе яму споўнілася б 215 гадоў з дня нараджэння. Маляваць ён пачаў раней, чым пісаць. Быў сціплым, ціхім і стрыманым. Верыў у свой талент і будучыню. На мультымедыйнай устаноўцы прысутныя ўбачылі малюнкі Віленскага перыяду. Паглядзелі яго аўтапартрэты, партрэт жонкі з дзецьмі, а таксама самы вядомы твор “А.Міцкевіч на гары Аю-Даг”. Трэба сказаць, што большая частка жыцця Валенція Ваньковіча была звязана з Беларуссю. Паэт Віктар Шніп прысвяціў яму свой твор “Балада Валенція Ваньковіча”. Вельмі выразна яго прачытала актыўная сябра клуба Аляксандра Раманькова. Мастак еўрапейскага маштабу пражыў кароткае жыццё, памёр ён у 42 гады ў дзень сваіх народзін. Сустрэча зацікавіла многіх, аб гэтым сведчылі пытанні ўдзельнікаў клуба да Уладзіміра Георгіевіча. Ганну Кабакову, якая прыйшла ўпершыню на пасяджэнне, цікавіла: “Ці ёсць нашчадкі мастака ў Беларусі?”. А актыўную чытачку бібліятэкі Зою Сушкевіч здзівіла: “Чаму ў такіх краінах, як Польшча, Літва, Італія, Францыя, Велікабрытанія, Расія ёсць мастацкія творы Валенція Ваньковіча, а ў нашай краіне няма ніводнай?”.

03-06-2015-2

Не меньш цікавай адбылася сустрэча, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння нашай сучасніцы, беларускай спявачцы Тамары Раеўскай. Пра яе жыццё і творчасць распавяла сябра клуба Софія Гурына. Яе дапоўніў Уладзімір Георгіевіч. Ён расказаў, што спявачка марыла стаць доктарам, але не атрымалася. Затое гэтую прафесію выбралі яе муж і сын. Распавёў і пра тое, што яна шмат працавала. Старшыня клуба і бібліёграф цэнтральнай бібліятэкі Алена Шульга ўзгадалі пра тое, як у 80-х гадах спявачка прыязджала з канцэртам у Чэрвень. Разам з ёй прыязджалі Ігар Лучанок і Максім Танк. Потым ветразеўцы ў запісу паглядзелі аўтарскую праграму Аляксандра Дамарацкага “Свет далёкай зоркі”: Юрый Семяняка. Удзел у ёй брала і Тамара Раеўская. Яна спявала песні кампазітара “Зляцела зорка з вышыні”, “А мне ў шчасце верыцца”, “Люблю цябе Беларусь” і “Явар з калінаю” у дуэце з Юрыям Смірновым. Затым паглядзелі кадры з фільма “Песні Ігара Лучанка”, у якім юбілярка выконвала песні “Безоглядная юность” і “Нас павшие зовут”. Таксама з задавальненнем удзельнікі клуба паслухалі дзве песні “Сбереги любовь” і “Песня о почте” у выкананні спявачкі, якія выконваліся за кадрам мастацкага фільма “Спеши строить дом” 1970 года. Дарэчы, вельмі прыемна было ўбачыць у гэтым фільме ў адным з кадраў, як весела і з задорам гралі музыканты на народных інструментах з нашага Чэрвеня. А яшчэ старшыня клуба узгадаў пра тое, што фірма “Мелодыя” у 1971 годзе выпусціла чарговую пласцінку, на якой былі запісаны дванаццаць песень у выкананні Віктара Вуячыча, Вольгі Шутавай і Тамары Раеўскай. З задавальненнем сябры клуба паслухалі адзіную запісаную песню кампазітара, нашага земляка Альфрэда Шутава “Вішня белая” у выкананні вядомай беларускай спявачкі, юбіляркі Тамары Раеўскай.

03-06-2015-3

Мерапрыемства адбылося вельмі змястоўным і цікавым, яно доўжылася амаль дзве гадзіны.

Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэкі

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс