Сюды Людміла Шаркова, псіхолаг па адукацыі, прыйшла працаваць ў той момант, калі ўстанова знаходзілася ў стадыі станаўлення, у 1999 годзе. Калі пасля нараджэння дачкі трэба было выйсці на работу, аказалася, што пасаду псіхолага, якую яна займала ў дзіцячым садку №4 г.Чэрвеня, скарацілі. Пайшла працаваць выхавальнікам у дзіцячы садок №1 у Чэрвені ў групу пры цэнтры карэкцыйнага развіцця, навучання і рэабілітацыі.
Адпрацавала там год, пакуль не ўбачыла аб’яву, што патрабуецца псіхолаг у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Перайшла туды псіхолагам. Галіна Фінская была дырэктарам, яна набірала штат. Пачыналі практычна з нуля. Работнікаў усіх было толькі 5 чалавек…
З 2000 года Людміла Генадзьеўна стала загадчыкам аддзялення псіхолага-педагагічнай дапамогі. Ездзіла па раёну, наведвала школы, дзіцячыя сады. Даводзілася вырашать розныя праблемныя пытанні, праводзіць кансультаванне.
Калі служба стала добра вядомай у раёне, сюды пайшлі на прыём людзі. Ішлі не толькі з якімісьці асабістымі праблемамі, а ўжо і з сямейнымі. Працавалі ў той час аддзяленні: псіхолага-педагагічнай дапамогі, першаснага прыёму і аддзяленне тэрміновай дапамогі. З 2003 года да цэнтра далучылі аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. У 2006 годзе з’явілася аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі.
Сёння ў цэнтры – восем аддзяленняў. Аддзяленне кругласутачнага знаходжання адчынілася 1 студзеня 2007 года. У канцы гэтага ж года – аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў на вуліцы Зяневіча. У 2015 годзе – аддзяленне пражывання, якое суправаджаецца, у 2016-м – аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян. У штаце 172 работніка. На пасадзе дырэктара Людміла Генадзьеўна з 2006 года.
Пералік паслуг увесь час пашыраецца. З’явіліся такія, як паслугі сядзелкі, няні. Паслугай сядзелкі карыстаецца 25 чалавек, няні – 18. На адным толькі хатнім абслугоўванні — 650 чалавек. Кругласутачна абслугоўваецца – 32, гэта ў Рудні. У аддзяленні дзённага знаходжання 28 інвалідаў. Пажылых – 38. Пражывае с суправаджэннем 15. Гэта суправаджэнне тычыцца дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі бацькоў у перыяд ад 18 да 23 гадоў, а таксама інваліды 1 групы з захворваннямі апорна-рухальнага апарата або з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Пра жыццё людзей, якіх яна разам са сваімі супрацоўнікамі-аднадумцамі, апякае, дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі, ведае дакладна. Людміла Генадзьеўна прызналася, што раней з болем і спачуваннем глядзела на людзей з інваліднасцю. Ёй было сорамна, што яна здаровая, а яны – не і не мае магчымасці дапамагчы…
Лёс наканаваў і ёй самой падобнае цяжкае выпрабаванне. Калі нарадзілася дачушка Насця, на сабе адчула, як важна мець падтрымку ў перыяд псіхалагічнага крызісу, які выкліканы нараджэннем хворага дзіцяці і якой каштоўнасцю валодае магчымасць стасункаў з тымі, хто прайшоў школу жыццёвай закалкі, у каго можна пераняць вопыт, набрацца аптымізму і натхнення, каб пераадолець усе цяжкасці…
— Кожны з нас думае, — гаворыць Людміла Генадзьеўна, — што праблема з’яўлення на свет хворага дзіцяці нас ніколі не кранецца, маўляў, гэта адбываецца ў сем’ях, дзе вядуць асацыяльны лад жыцця… Аднак, калі звярнуцца да фактараў, якія пагражаюць здароўю дзіцяці, то можна зразумець, наколькі крохкае чалавечае жыццё…
Аб гэтым і аб тым, як змяніць адносіны грамадства да дзяцей-інвалідаў, дарослых інвалідаў яна напісала артыкул-роздум “Анёлы зямлі”, які надрукаваны ў дапаможніку “Формирование инклюзивного сознания как фактор успешной социализации детей с ограниченными возможностями”, выдадзеным у 2013 годзе Мінскім інстытутам развіцця адукацыі сумесна з Беларуска-германскім дабрачынным прадпрыемствам “Надежда-ХХІ век”.
Аб сабе Людміла распавядае сціпла. Нарадзілася ў Пухавіцкім раёне. Бацькі вучыліся ў Мар’інагорскім тэхнікуме. Там і пазнаёміліся. Бацька родам з Пухавіцкага раёна, мама – з Мядзельскага, з г.Свір. Пасля заканчэння вучобы – пажаніліся. Па размеркаванню прыехалі працаваць у Чэрвеньскі раён у калгас “Бальшавік”. Мама працавала аграномам, мела пасведчанне трактарыста. Бацька – інжынерам. Жылі ў Майзарова да 1989 года. Потым бацька перайшоў на работу ў Чэрвень, інжынерам у “Райсельгасхарчэнерга”, пабудаваў дом. Мама ўладкавалася на філіял завода “Горизонт”. Рана пайшлі яны з жыцця: мама – у 42 гады, тата – у 53.
У Людмілы Геннадзьеўны – тры сястры. Людміла – старэйшая. Сястра Святлана працуе пад началам Людмілы ў цэнтры, яна – будаўнік. Сястра Ірына – загадчык дзіцячага садка №3 у Чэрвені, самая малодшая сястра Таццяна жыве ў Смілавічах, працуе ў аэрапорце, зараз у дэкрэтным адпачынку. Вельмі сябруюць сёстры, дапамагаюць адна адной.
Сын Людмілы Генадзьеўны Алег скончыў Мінскі каледж сучасных тэхналогій і машынабудавання, вучыцца завочна ў Беларускім эканамічным універсітэце, працуе аператарам станкоў з праграмным кіраваннем на прыватным прадпрыемстве.
Шмат у Людмілы Шарковай грамадскіх абавязкаў: яна ўзначальвае савет жанчын ў сваёй установе, з’яўляецца членам камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Вольнага часу ў жанчыны нямнога. Любіць займаца будаўнічымі работамі. Разам з сястрой абавязкова штогод штосьці камусцьсі дапамагаюць будаваць, рамантаваць. Адна адной – гэта абавязкова. Самі кладуць плітку, клеяць шпалеры, фарбуюць. У будынку цэнтра на Савецкай вуліцы палова аддзелачных работ выканана рукамі яе і сястры Святланы. Нават і ў сваім кабінеце шпалеры клеіла сама.
Яшчэ любіць Людміла вязаць. Толькі ўдаецца заняцца гэтым вельмі рэдка. Іншы раз ад стомленасці і засне з пруткамі ў руках… Прызналася, што піша вершы. Калі натхненне прыходзіць. Іншы раз і ноччу, калі не спіцца. Тады садзіцца і запісвае свае вершаваныя радкі. Толькі асабліва нікому не паказвае. Калі-нікалі пачытае родным або сябрам, або вершык, які напіша да якіх святаў і за святочным сталом прачытае…
У кабінеце за шклом у шафе – стос Грамат, Дыпломаў і Падзяк, якія атрымала Людміла Генадзьеўна за добрасумленную працу ў многія гады ад Чэрвеньскага райвыканкама, Мінскага аблвыканкама, галіновага прафсаюза, “Беларускага саюза жанчын”, вядучага партнёра “Гендерные перспективы”. Грамата ад моладзевага грамадскага аб’яднання “Откровение” за актыўную сацыяльную пазіцыю, дабрачынную дзейнасць, і валанцёрскі ўдзел у праектах аб’яднання, за асабісты ўнёсак у развіццё інклюзіі ў беларускім грамадстве.
Апошнюю Грамату Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў уручылі Людміле Генадзьеўне 5 студзеня гэтага года. За асабісты ўнёсак ў развіццё сацыяльнага партнёрства па пытаннях абароны сацыяльна-працоўных і прафесійных інтарэсаў работнікаў і ў сувязі з прафесійным святам – Днём сацыяльнага работніка.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

