Сярод абслугоўваемых 110 – адзінокіх, 8 ветэранаў вайны, 7 – асобы, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў. У залежнасці ад катэгорыі грамадзян і іх даходаў абслугоўванне ажыццяўляецца на бясплатнай і платнай аснове.
— Спектр паслуг, якія аказвае наша аддзяленне, — распавяла яго загадчык Таццяна Адзінец (на здымку ў цэнтры) — вельмі шырокі – гэта аказанне сацыяльна-бытавых паслуг, сацыяльна-рэабілітацыйных, сацыяльна-педагагічных, сацыяльна-пасрэдніцкіх, кансультацыйна-інфармацыйных. Акрамя таго, прадастаўляем яшчэ паслугі сядзелкі і няні.
Акрамя загадчыка, у аддзяленні працуе чатыры інспектары. Сацыяльную работу на тэрыторыі горада Чэрвеня і Лядзенскага сельсавета курыруе Таццяна Канапака; Валявацкі, Кліноцкі і Смілавіцкі сельсаветы — Алена Сязончык; Алена Пятроўская — Калодзежскі і Раваніцкі сельсаветы; Таццяна Маркоўская — Лядзенскі, Чэрвенскі і Руднянскі сельсаветы (на здымку).
Алена Сязончык курыруе таксама работу сацыяльнага пункта, які месціцца ў памяшканні Кліноцкага сельвыканкама. З 49 сацыяльных работнікаў на сацыяльным пункце ў Клінку працуе 11 чалавек. Зона іх абслугоўвання — Кліноцкі, Валевачоўскі і Смілавіцкі сельсаветы. Ёсць у аддзяленнні і выязны сацыяльны пункт, куды людзі звяртаюцца, каб атрымаць кансультацыі і адказы на свае пытанні.
У аддзяленні ўкараніліся інавацыйныя формы работы, калі працаздольны чалавек бярэ да сябе на пастаяннае пражыванне адзінокага пенсіянера. Такая сям’я пакуль адна.
У маі 2018 года быў падпісаны першы дагавор аб аказанні сацыяльных паслуг у форме сацыяльнага абслугоўвання у замяшчальнай сям’і. Так, сацыяльны работнік Аліна Яльніцкая ўзяла шэфства над Нінай Васільеўнай Расолька. Пражываюць яны разам у доме Аліны Алегаўны з яе сям’ёй.
Ёсць гасцявыя сем’і. Іх 14. Такая форма сацыяльнай работы прадугледжвае запрашэнне да сябе ў госці на выхадныя або святочныя дні адзінокіх людзей.
Карыстаецца попытам такая паслуга, як санаторый на даму, калі чалавек з першай або другой групай інваліднасці не можа паехаць на лячэнне, то на працягу 10-14 дзён да яго наведваюцца медыкі і абследуюць, робяць назначэнні, а потым сацыяльны работнік дапамагае прымаць лекі выконваць працэдуры. Выязджае да людзей таксама інспектар, псіхолаг.
Яшчэ адна форма сацыяльнай работы аддзялення – сацыяльны патранат. Яна прадугледжвае кантроль не толькі за тымі, хто знаходзіцца на абслугоўванні, але і за адзінокімі і пажылымі. На сацыяльным патранаце знаходзіцца 16 чалавек.
На тэрыторыі Кліноцкага сельсавета ёсць адзіны ў раёне дом зімоўкі ў вёсцы Волма. Гэта таксама новая форма сацыяльнай работы — калі адзін чалавек бярэ да сябе на пастаяннае пражыванне ў зімовы перыяд другога чалавека. Валянціна Яўсееўна Кандрацьева запрасіла да сябе дзядулю Рыгора Сцяпанавіча Краснагіра. Ён хварэе. Яна ўзяла на сябе абавязацельствы па догляду за ім. Курыруе дом зімоўкі інспектар Алена Сязончык.
Акрамя сацыяльных работнікаў, у аддзяленні працуе 11 сядзелак, якія аказваюць паслугі 17 чалавекам.
Многія супрацоўнікі шмат гадоў аддалі працы ў сацыяльнай службе. Больш за 20 гадоў працуюць тут Вольга Фурс, Людміла Курыленка, Таццяна Максіменка, Эма Раманоўская, каля дваццаці гадоў — Галіна Карбук, Алена Сязончык, больш дзесяці — Таццяна Канапака і зусім нядаўна прыйшла ў службу Таццяна Маркоўская.
Працуюць у аддзяленні дзве мабільныя брыгады. Яны выязджаюць для аказання сацыяльных паслуг у аддаленыя населеныя пункты, дзе пражывае малая колькасць людзей. У гэтым годзе ахоплена такім абслугоўваннем 10 населеных пунктаў і 15 чалавек атрымалі сацыяльныя паслугі. Працуюць мабільныя брыгады два разы на тыдзень – у аўторак і чацвер.
— Калі няма сацыяльнага работніка, — засведчыла загадчык аддзялення, — чалавек можа звярнуцца да нас і мы прыедзем з мабільнай групай. Цэны на гэтыя паслугі невялікія. Такі метад работы дае магчымасць хутчэй вырашаць пытанні абслугоўвання.
Аказваюцца сацыяльныя паслугі на даму таксама комплексна: праводзяцца кансультацыі, лекцыі, гутаркі. Запрашаем бібліятэкараў, каб наведалі нашых падапечных на даму. Калі ёсць клубы, запрашаем культработнікаў, каб зладзілі міні-канцэрт. Нашы сацыяльныя работнікі робяць усё магчымае, дзеля паляпшэння жыцця людзей, якіх яны абслугоўваюць, і робяць яго больш змястоўным.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

