Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
25 августа 2015

З кнігамі да чытачоў

Рашэнне аб закрыцці шэрагу бібліятэк на вёсцы, якое было прынята ў мінулым годзе, прадыктавана жыццём: насельніцтва на вёсцы становіцца ўсё менш.

Таму арганізавалі работу бібліёбуса – бібліятэкі на колах. Разам з бібліятэкарам Вольгай Стрыжанковай накіроўваемся  да чытачоў і заадно  даведваемся пра яе  работу.

- Працую я на бібліёбусе ўжо год, - распавядае Вольга. - Аабслугоўваем 121 вёску. Выязджаем раз на тыдзень, у чацвер, па ўстаноўленаму графіку. Сёння едзем у Калодзежы і Стары Пруд. Папярэдне тэлефаную кожнаму чытачу, цікаўлюся, якую каму кнігу  прывезці. Абгаворваем час і месца сустрэчы. Сустракаемся ля магазіна. Развозім таксама кнігі па адрасах.

Ля магазіна гутарым з людзьмі. Аказалася, што на вёсцы чытаюць і ахвотна карыстаюцца бібліятэкай на колах.

Віктар Няборскі (на здымку з Вольгай), пастаянны жыхар:

- Люблю чытаць духоўную літаратуру. Карыстаюся паслугамі бібліёбуса з пачатку яго работы. Ёсць просьба - прывозіць болей кніг такой тэматыкі.

Альбіна Магучая (на здымку), пераехала ў Беларусь з Таджыкістана напачатку 90-х:

- Не ўяўляю сябе без кнігі. Чытае і муж. Мы пенсіянеры, часу хапае. Дэтэктывы вельмі люблю. Дар’і Данцовай. Яшчэ вось Фрыдрыха Нязнанскага кнігу зараз вазьму. У нас сваіх кніг дома хапае, але ж усе ўжо даўно перачытаны. Тоўстыя кнігі не люблю – хочацца хутчэй даведацца, чым усё скончыцца.

- Перасоўная бібліятэка - добрая справа, – выказалі меркаванне Галіна і Рыгор Казлоўскія. - Мы - дачнікі. Усе свае кнігі прачыталі. Хочацца штосьці новае. Вельмі зручна, што дамоў прывозяць літаратуру. Нам падабаецца.

Мікалай Няборскі:

 - Больш увосень і ўзімку чытаю, калі на падворку ўсё параблю. Іншы раз і хутка кнігі прачытаю, тады бяру ў каго-небудзь з суседзяў, хто таксама карыстаецца бібліёбусам.  Зараз што-небудзь закажу, каб у наступны раз прывезлі.

Накіроўваемся ў Стары Пруд. Тут ужо чакаюць чытачы.

Святлана Варабей:

- Я - пастаянны чытач. Тэлевізарам не надта захапляюся, а вось пачытаць люблю: жаночыя раманы, таксама і духоўную літаратуру Выбіраю кнігі з буйным шрыфтам, зрок ужо не той. На гэты раз вазьму толькі тры кніжкі, бо на агародзе работы зараз шмат. Няма часу чытаць.

Падышлі яшчэ людзі, пацікавіліся, ці можна падараваць кнігі  бібліятэцы, раманы Шылавай.

- З задавальненнем возьмем, - адказала Вольга.

Спыніліся ля дома  Галіны Цумаравай. Яна – актыўны няштатны  аўтар  “раёнкі”. Былая настаўніца. Гаспадыня запрасіла нас адпачыць крыху ва ўтульнай альтанцы ад спякоты:  

- Шкада, што бібліятэку зачынілі, дзе часта збіраліся жыхары. Добра, што хоць кнігі прывозяць. Сам жа не заўсёды паехаў бы па іх спецыяльна ў Чэрвень. Хаця і бываю ў раёне, але іншых спраў хапае.

 Віктар Макарэвіч набраў кніг амаль цэлы пакет.

- Я і ўсю гэту скрыню ўзяў бы, - смяецца, - дык вось гляджу, што многія з гэтых кніг прачытаў ужо. Чытаю рознае: дэтэктывы і баевікі, на ваенную тэматыку, прыгоды якіясьці і навукова-пазнавальную літаратуру люблю. Хочацца чагосьці новенькага.   

Анатоль Квяткоўскі цікавіўся гістарычнымі кнігамі, мемуарамі Ракасоўскага. На жаль, не аказалася такой кнігі. Бібліятэкар паабяцала пашукаць.

Уладзімір Ладуцька заказаў кнігі і часопісы пра паляванне і рыбалку.

Меркаванне ўсіх, хто любіць чытаць, адно: работа бібліятэкі на колах на вёсцы запатрабаваная. Усе выказалі пажаданні прывозіць кніг болей, разнастаіць іх тэматыку і прапаноўваць больш літаратурных навінак. 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.cherven.gov.by/ru/videoobzory/item/760-z-knigami-da-chytacho%D1%9E.html#sigProIdbbba836344

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс