У адной з пяці намінацый — «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг» — адзначана прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «ВерасокЭліт» з нашага раёна, якое зарэгістравана ў вёсцы Заполле.
Узнагароду — Дыплом пераможцы і прэмію ў памеры 50 базавых велічынь — уручыў дырэктару прадпрыемства Марыі Захаранка міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Уладзімір Калтовіч.
— Безумоўна, вельмі прыемна, што плёнам пятнаццацігадовай працы ў прыватным бізнесе стала прызнанне на такім высокім узроўні, — зазначыла Марыя Мікалаеўна ў гутарцы з карэспандэнтам «Раённага весніка». — Але адна б я нічога не дасягнула. За ўсе набыткі шчыра дзякую нашаму цудоўнаму калектыву, які сёння налічвае дваццаць чалавек. Гэта — вопытныя, старанныя і адказныя работнікі. Многія з іх працуюць са мной з дня заснавання прадпрыемства. Узаемаадносіны з імі будую на даверы і павазе. Відаць, таму і справы ладзяцца…
Сёння ў структуру прыватнага прадпрыемства «ВерасокЭліт» уваходзяць тры магазіны ў гарадскім пасёлку Смілавічы (у іх ліку — вядомая «Сямёрачка») і адзін — у вёсцы Заполле. Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва аб’екта прыдарожнага сэрвісу ў вёсцы Карзуны. Комплекс, адкрыць які мяркуецца напрыканцы наступнага года, будзе ўключаць у сябе гатэль, магазін і кавярню.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота — з асабістага архіву Марыі Захаранка

