Вядучы канцэрта, кіраўнік ансамбля Мікалай Марэцкі, пазнаёміў прысутных з цікавымі біяграфічнымі фактамі з жыцця І.С.Баха і В.А. Моцарта, расказаў аб музычных інструментах, на якіх у выкананні прафесіяналаў аднолькава віртуозна і непараўнальна прагучалі як творы класічнай, сучаснай, так і народнай музыкі. Асабліва цёпла была ўспрынята слухачамі музыка І.С. Баха, В.А. Моцарта, К. Муніера, а таксама апрацоўкі народных мелодый А. Цыганкова.
Вельмі цікавая асоба кіраўніка ансамбля. Мікалай Марэцкі — вядучы выканаўца Беларусі на домры і мандаліне, лаўрэат міжнародных конкурсаў. На яго рахунку — шматлікія сольныя замежныя выступленні, удзел у сімпозіумах і фестывалях, прысвечаных мандаліне, удзел ў журы міжнародных конкурсаў. У 2010 годзе музыкант стаў уладальнікам высокай дзяржаўнай узнагароды — Медаля Францыска Скарыны.
У гэтым навучальным годзе ў нашай школе запланаваны шэраг канцэртаў з удзелам лепшых выканаўцаў і музычных калектываў краіны як для навучэнцаў щколы, так і для ўсіх жадаючых. Спадзяёмся, што падобныя мерапрыемствы паспрыяюць эстэтычнаму выхаванню не толькі дзяцей, але і дарослых.
Людміла ДАРАГУЖ, настаўніца
музычнай літаратуры Чэрвеньскай
дзіцячай школы мастацтваў

