Два стагоддзі таму, калі Ліпецк быў прэстыжным курортам, у гэтым расійскім горадзе нарадзіўся цікавы промысел раманаўская цацка. У мястэчку часта гасцявалі арыстакраты, у тым ліку з сям'і Раманавых. Вонкавы выгляд заможных гасцей мясцовыя ліпецкія майстры і пераносілі ў дробную гліняную пластыку. Сувеніры ахвотна набывалі ліпецкія турысты. І сёння раманаўская цацка - брэнд і гонар Ліпецка, і працягваюць яго не толькі ў кераміцы, але і ў ткацтве, вышыўцы, у лялечным мастацтве. Менавіта ў такім тэкстыльным выглядзе раманаўскую цацку прывезла ў Беларусь Людміла Люрыс - этнамастачка, народны майстар Расіі прадэманстравала лялечныя кампазіцыі і падборку ў стылі пэчварк у Музеі беларускага народнага мастацтва.
14 тэкстыльных пано, па якіх чытаюцца асноўныя ліпецкія спосабы сшывання лапікаў: каласок, гусіныя лапкі, рашотка і зорачка, цаглінкі і павуцінка. У цэнтры экспазіцыі - самае загадкавае ("Квадрат у квадраце") і самае першае аўтарскае палатно. Гэта хрысцільная коўдра, у якую ўманціраваныя міні-коўдрачкі. Усім прамудрасцям мясцовага пэчварку Людміла Люрыс абавязана фальклорным экспедыцыям і ўрокам ад народных майстроў.
Асобная частка музейнай экспазіцыі - лялечная. Выстава - падборка цацачных кампазіцый на тэмы побытавых народных заняткаў, працоўных будняў і свят. Вось жанчыны і дзяўчаты ткуць палатно. А гэта - восеньскія клопаты: сям'я квасіць капусту і пячэ піражкі з агароднінай.
Зрэшты, лялькі ў зборы Людмілы Люрыс усе з імёнамі. Іх мастачка ўзяла ад сваіх знаёмых, сваякоў, у асноўным дзяцей, бо кожная лялька - іх правобраз. Убачыць такі "Тэкстыльны букет" ад ліпецкай госці можна ў музеі ў Раўбічах да пачатку ліпеня.