Адна з ўмеліц - Раіса Хадаева. Персанальная выстава творцы ўжо ў лагойскай галерэі Сяргея Давідовіча. Падрабязнасці ў Наталлі Бардзілоўскай.
Творчую сустрэчу майстрыха Раіса Хадаева пачала з мулінэ! Не толькі знаёміла прысутных з папулярнымі ў вышывальшчыц ніткамі, але дарыла юным удзельнікам вернісажу традыцыйныя беларускія абярэгі.
Чырвоная нітачка, павязаная на левым запясці, - даўні ахоўнік ад сурокаў. Рытуал павязвання - першы інтэрактыў, які ўмеліца падрыхтавала для школьнікаў. Ёй важна не толькі расказаць пра сябе і паказаць работы, але заахвоціць дзятву вышыўкай і нават даць паспрабаваць, гэта проста ці не - валодаць ніткай з іголкай, без фарбаў выпісваць на тканіне каляровы ўзор.
Хлопчыкі і дзяўчынкі згуртаваліся вакол рамесніцы. Мэта дасягнута: пасля некалькіх хвілін практыкаванняў многія дзеці выказалі палкае жаданне вышываць!
Сама гераіня імпрэзы Раіса Хадаева захапілася вышыўкай у юныя гады. Першыя ўрокі атрымала ад роднай цёткі. Хобі перарасло ў прафесію. Амаль усё жыццё Раіса Канстанцінаўна працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Зараз, на пенсіі, займаецца творчасцю дома і праводзіць майстар-класы для моладзі.
Раіса Хадаева, удзельнік мясцовага клуба "Скарбы зямлі Лагойскай". У творчым аб'яднанні - 35 рамеснікаў.
Лагойскі край багаты сваімі ўмельцамі. Далёка не ўсіх ахапіла аб'яднанне пры мясцовым доме рамёстваў. Ёсць творцы, якія працуюць дома, больш за 200 прадстаўнікоў самых розных беларускіх промыслаў. Хутка вырабы большасці з іх будуць прадстаўлены ў гэтых сценах.
Галерэя Давідовіча - сапраўдны культурны цэнтр Лагойска. Тут ладзяцца самыя розныя мастацкія мерапрыемствы: арт-імпрэзы, прэзентацыі, з найбліжэйшага - калядная і навагодняя выстава-кірмаш "Зімовыя россыпы". Выстава прадставіць каля сарака майстроў, прадстаўнікоў самых розных рамёстваў.