Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка сустрэўся з членамі Савета старэйшын Міншчыны. За кубкам гарбаты яны абмеркавалі тое, што хвалюе рэгіён сёння, — эканоміку, уборачную кампанію, падрыхтоўку да пасяўной, а таксама перспектыўныя праекты і планы вобласці.
На пачатку сустрэчы кіраўнік рэгіёна выканаў ганаровую місію — Ганаровымі граматамі Мінаблвыканкама ўзнагароджаны Мікалай Бурак, Уладзімір Гаркун і Анатоль Рубанік.



Асобнай тэмай стала эканоміка Мінскай вобласці па выніках першага паўгоддзя. Абмеркавалі і сельскагаспадарчую кампанію: як праходзіць уборка ўраджаю, што трэба зрабіць у межах падрыхтоўкі да будучай пасяўной, а таксама новыя дасягненні цэнтральнага рэгіёна.


Нагадаем, старт уборачнай кампаніі сёлета далі ў Клецкім раёне: на полі гаспадаркі «Кухчыцы» Аляксей Кушнарэнка разам з леташнім перадавіком Паўлам Шуцілам адкрыў жніво. Тады губернатар адзначаў, што да ўборачнай у вобласці падрыхтавалі амаль 1500 камбайнаў, а ў кампаніі задзейнічаны каля 1500 механізатараў. У планах — атрымаць не менш за леташні вынік і выйсці на 3 млн тон з улікам рапсу і кукурузы. Да сярэдзіны жніўня ўборачная ўжо выйшла на сур’ёзныя паказчыкі: 13 жніўня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з перадавікамі жніва Мінскай вобласці, якія намалацілі 2 млн тон збожжа.

Яшчэ адзін пункт праграмы — знаёмства старэйшын з Беларускай атамнай электрастанцыяй. Аляксей Кушнарэнка адзначыў стратэгічнае значэнне праекта для краіны. Губернатар расказаў, што ў перыяд работы міністрам энергетыкі Беларусі курыраваў у тым ліку пытанні, звязаныя з атамнай энергетыкай, і падкрэсліў: рашэнне аб будаўніцтве БелАЭС было стратэгічным і прынята кіраўніком дзяржавы.

У планах Савета старэйшын — паездка на БелАЭС у Астравец Гродзенскай вобласці, дзе ўдзельнікі сустрэчы змогуць убачыць адзін з найбуйнейшых энергетычных аб’ектаў краіны.


Завяршылася сустрэча запрашэннем. Аляксей Кушнарэнка прапанаваў членам Савета старэйшын у поўным складзе наведаць абласныя «Дажынкі-2026», якія пройдуць 19 верасня ў Дзяржынску.

Дарэчы, гэта не першая сустрэча губернатара са старэйшынамі. Летась удзельнікі такіх зносін пабывалі ў Пухавіцкім раёне, дзе пазнаёміліся з вытворчасцю ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» (БНБК).



