З 22 па 30 жніўня спецыялісты цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі Мінскай вобласці правялі 185 наглядных мерапрыемстваў (у форме маніторынгу і мерапрыемстваў тэхнічнага характару) у дачыненні да аб'ектаў, якія гандлююць свежай плодаагародніннай прадукцыяй і бахчавымі. Розныя парушэнні выяўлены ў 79 (42,7%) з іх. Так, у большасці выпадкаў садавіна і гародніна прадаваліся без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку. Адсутнічала маркіроўка або поўная інфармацыя аб тавары, парушаліся тэрміны прыдатнасці або захоўвання. Пытанні былі і да санітарнага стану тэрыторыі, памяшканняў, абсталявання.
За парушэнні санітарных правілаў і нормаў былі складзеныя тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Агульная сума штрафаў склала Br102 тыс. Выдадзена 59 прадпісанняў і рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў, тры прапановы аб прыпыненні дзейнасці аб'ектаў да ліквідацыі парушэнняў, 35 прадпісанняў аб канфіскацыі з абарачэння (забароне рэалізацыі) амаль 2 т прадукцыі негарантаванай якасці. З мэтай прыняцця дадатковых мер рэагавання па кампетэнцыі накіраваныя тры інфармацыі ў мясцовыя органы выканаўчай улады.
Санэпідслужба Мінскай вобласці нагадвае: набываючы кавуны і дыні, варта звяртаць увагу на ўмовы рэалізацыі такой прадукцыі. Часцяком, каб пераканаць пакупніка ў спеласці плоду, прадаўцы прапануюць яго надрэзаць, парушаючы тым самым санітарна-гігіенічныя ўмовы. Прадукцыя забруджваецца, а пры яе ўжыванні можна атрымаць харчовае атручэнне. Па гэтай прычыне санітарна-эпідэміялагічным заканадаўствам забаронены продаж на аб'ектах дробнарознічнай гандлёвай сеткі дынь і кавуноў часткамі і надрэзамі, на рынках - у разрэзаным выглядзе пры адсутнасці ўмоў для апрацоўкі інвентара і індывідуальнай упакоўкі.
Гандляваць бахчавымі дазволена ў санкцыянаваных месцах: на рынках, у харчовых крамах, з гандлёвых латкоў, абсталяваных навесамі палатках.