Абласны этап праекта адбыўся ў Любані. За званне самай працавітай змагаліся 17 сем'яў з розных куткоў сталічнага рэгіёна. Удзельнікі прадставілі сваю гаспадарлівасць і гасціннасць у конкурсе візітных картак, паспрабавалі свае сілы ў рубцы і складзіраванні дроў, вырабе лавачак, прайшлі спартыўную эстафету і інтэлектуальную віктарыну.
Лепшай стала сям'я Мечкоўскіх з аграгарадка Лебедзева. Пётр працуе анестэзіёлагам у клінічным радзільным доме Мінскай вобласці, Вольга - эканамістам у ААТ "Белгазпрамбанк". Удзел у конкурсах прымалі і сыны - Радзівон, Гардзей і Герман.
Пераможцы абласнога этапу конкурсу атрымалі ў падарунак мікрахвалёўку і кабанчыка. Сям'я таксама прадставіць сталічны рэгіён у фінале.
Арганізатарамі праекта з'яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі, Беларускі саюз жанчын і Белаграпрамбанк.