Гэты парк створаны для дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, а таксама для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, якія цэлы год праходзяць аздараўленне і рэабілітацыю ў «Надзеі».
Варта таксама адзначыць, што гэта адзіны ў Беларусі вяровачны парк як па плошчы, так і па ўзроўнях складанасці: ад простых да экстрэмальных, усяго іх пяць. І ён стаў выдатным падарункам да 25-годдзя дзіцячага цэнтра.
- У дзень нараджэння спраўджваюцца мары. Гэта ўнікальны вяровачны парк, які стаў тым падарункам, што аб'ядноўвае дзяцей і дарослых. Цэлых два гады мы стваралі яго сумесна з нямецкімі сябрамі і партнёрамі. Іх дапамога была ўсебаковай: тэхнічнай, экспертнай, фінансавай. Важна, што вяровачны парк пабудавалі беларускія спецыялісты і выкананы ён з лістоўніцы - дрэва даўгавечнага і трывалага, - сказаў дырэктар «Надзеі» Вячаслаў Макушынскі.
Дарэчы, на пляцоўцы заўсёды знаходзяцца інструктары, якія прайшлі спецыяльнае навучанне. А наведаць парк «Лесвіца ў неба» могуць як дзеці, якія праходзяць аздараўленне ў цэнтры, так і ўсе жадаючыя.