Ініцыятарам правядзення спаборніцтваў выступіў заслужаны трэнер Беларусі, Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна Анатоль Усенка.
- Я шчаслівы, што спраўдзілася мая даўняя мара - зладзіць такі спартыўнае свята для горада, у якім я вырас, - адзначыў ён. - Галоўная ідэя турніру - даць магчымасць людзям з абмежаванымі магчымасцямі паспаборнічаць на роўных з усімі і паказаць, што яны патрэбны грамадству. Я вельмі ўдзячны за падтрымку федэрацыі футбола, а таксама кіраўніцтву Чэрвенскай СДЮШАР, якое на годным узроўні ўсё арганізавала...
На першым этапе турніру шэсць каманд - «Беларуская федэрацыя футбола», «Тэлеканал АНТ», «Дыпламат» (Беларусь), «Дыпламат» (Турцыя), зборная Беларусі сярод футбалістаў з аслабленым слыхам і зборная Беларусі сярод футбалістаў з аслабленым зрокам - згулялі ў двух падгрупах. Затым па дзве наймацнейшыя дружыны працягнулі барацьбу за Кубкі і медалі. Лёс трэцяга месца вырашылі пасляматчавыя штрафныя ўдары, паколькі асноўны час сустрэчы паміж камандамі «Дыпламат» (Беларусь) і «Тэлеканал АНТ» завяршылася нулявой нічыёй. Фартуна была на баку дыпламатаў на чале з капітанам, славацкiм паслом Ёзэфам Мiгашам. У складзе бронзавых прызёраў таксама выступалі супрацоўнікі пасольстваў Ірана, Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Венгрыі.
Дзелячыся ўражаннямі ад удзелу ў турніры, Ёзэф Мiгаш распавёў, што яму спадабаліся ўтульнасць і самабытнасць Чэрвеня, які ён паспеў агледзець перад пачаткам спаборніцтваў. Пасол застаўся ў захапленні ад спартыўнага комплексу Чэрвенскай СДЮШАР, адзначыўшы, што умовам, створаным тут, можна па-добраму пазайздросціць.
Што тычыцца фіналу, у якім сустрэліся каманда федэрацыі футбола і зборная Беларусі сярод футбалістаў з аслабленым зрокам, то ён, як і матч за трэцяе месца, атрымаўся баявым. Яшчэ незадоўга да сірэны табло высвечваецца нічыйны вынік - 2:2. Але ў канцы выхаванцы Анатоля Усенкi, футбалісты з аслабленым зрокам, здолелі забіць мяч, які прынёс ім перамогу ў турніры.
Ігар Адамовіч. Фота аўтара

