Адкрыла сустрэчу намеснік начальніка па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Чэрвеньскага райвыканкама Людміла Дзядзюк. Яна паведаміла, што ў Рэспубліцы Беларусь больш за 500 тысяч людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку больш за 30 тысяч дзяцей; ў Чэрвеньскім раёне адпаведна - 2677 дарослых людзей, прызнаных інвалідамі, і ў тым ліку - 207 дзяцей.
- Дзень інвалідаў - гэта напамін пра тое, што сярод нас жывуць людзі, да якіх мы павінны быць пільнымі, - сказала, звяртаючыся да прысутных, Людміла Міхайлаўна. - Гэты дзень патрэбны ўсім нам для таго, каб захапіцца сілай вашага духу, мэтанакіраванасцю, уменнем дамагацца поспеху ў складаных сітуацыях. У нашай краіне згодна з законам Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў» людзі з абмежаванымі магчымасцямі валодаюць роўнымі правамі з усімі грамадзянамі. Для паляпшэння іх жыцця распрацоўваюцца сучасныя сродкі медыцынскай рэабілітацыі, прадугледжаны льготы ў пенсійным забеспячэнні, ствараюцца ўмовы для безбар'ернай жыццядзейнасці.
Людміла Дзядзюк пажадала ўсім здароўя, аптымізму, пабольш яркіх падзей у жыцці.
Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатвораца ў Чэрвені, протаіерэй Аляксандр Лазоўскі. Ён распавёў аб добрай традыцыі супрацоўніцтва, якая склалася ў храма і сацыяльных устаноў раёна ў духоўным плане. А таксама павіншаваў усіх з надыходзячым святам Узыходжання Найсвяцейшай Багародзіцы ў храм.
У канцэртнай праграме былі не толькі выступы прафесійных артыстаў - спевакоў, дуэта ў складзе Уладзіслава Сазонава і Кірыла Кучынскага, Антона Карчэўскага, а таксама артыстаў з людзей, якія пражываюць у Чэрвеньскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце: Уладзіміра Трухана, Людмілы Паплаўскай, Валерыя Гардзіенкi, наведвальніцы дзённага аддзялення забеспячэння знаходжання інвалідаў Вольгі Васілеўскай, выхаванцаў дома інтэрната для дзяцей-інвалідаў (з пастаноўкай «Сонечны гарадок»), наведвальнікаў аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання пажылых людзей - ансамбля «Ігуменскі настрой» і Ўладзімiра Крамарчука.
Вельмі развесяліла усіх разгуляная сцэнка «На спатканні» артыстамі, якія пражываюць у Чэрвеньскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце (культарганізатар Марына Сіняўская).
Выстава творчых работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі, разгорнутая ў фае цэнтра культуры і вольнага часу, паказала, што сярод іх шмат таленавітых людзей.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

