У фае гарадскога Дома культуры разгарнулася выстава работ выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Унікальныя пейзажныя замалёўкі, вышыўка, фларыстычныя карціны, працы з элементамі бісерапляцення - шырокі палёт фантазіі і буянства фарбаў ўразілі гасцей мерапрыемства.
Музычныя і харэаграфічныя кампазіцыі, тэатральныя мініяцюры, чытанне паэтычных твораў - разнапланавая канцэртная праграма парадавала гледачоў. Але галоўным тут з'яўляецца зусім не выканальніцкае майстэрства маладых артыстаў (хоць, і яно на досыць высокім узроўні), а тая невымоўная энергетыка, якую адчулі ўсе знаходзiўшыяся ў зале.
Гасцямі абласнога фестывалю «Запалі сваю зорку» сталі бацькі, сябры і педагогі удзельнікаў, а таксама кіраўнікі Мінскага аблвыканкама, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў цэнтральнага рэгіёну.
- У нашай вобласці сёння дадзены старт акцыі «Нашы дзеці», - адзначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч.
- Словы падзякі гучаць у адрас тых, хто з'яўляецца арганізатарамі гэтай акцыі: галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама і раённыя выканаўчыя камітэты. Дзеці - гэта наша будучыня, а хлопцы з абмежаванымі магчымасцямі такія ж адораныя, педагогам неабходна дапамагаць раскрываць іх талент.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч сардэчна падзякавала артыстам за дзіўнае свята дабра і творчасці, якое сабрала ўсіх у горадзе Дзяржынску. Яна таксама адзначыла паспяховую рэалізацыю ўсіх выставачных работ.
Фестываль «Запалі сваю зорку» на Дзяржыншчыне даўно стаў традыцыйным. Маштабнае абласное свята тут прайшло у другі раз, а на раённым узроўні дзеці і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі 14 снежня прадэманструюць свае таленты ўжо сямнаццаты год запар.
Фота Кацярыны Сейнавай

