Іна працуе ў Мінску ў нядаўна адкрытай пякарні «Добрае печыва». Амаль усе яе супрацоўнікі - людзі з ментальнымі засмучэннямі. Аўтар гэтага праекта - Дзмітрый Багданаў, які ўжо некалькі гадоў займаецца працаўладкаваннем людзей з асаблівасцямі. На пару са сваім бізнес-партнёрам ён ўклаў у пякарню 20 тысяч даляраў. У падборы персаналу дапамагалі грамадскія арганізацыі, якія займаюцца сацыялізацыяй людзей з ментальнай інваліднасцю, у тым ліку Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.
На кастынг разам з Інай прыйшлі яшчэ 19 чалавек. Узялі на працу пецярых. У кагосьці з незвычайных супрацоўнікаў - шызафрэнія, у кагосьці - эпілепсія. Працаваць ім гэта не замінае. Усе складаныя аперацыі робіць шэф-кандытар, які раней некалькі гадоў працаваў у вядомым рэстаране. Таксама шэф-повар арганізоўвае вытворчы працэс і сочыць за захаваннем тэхнікі бяспекі. Астатнія пяцёра работнікаў займаюцца фармоўкай і фасоўкі печыва. Яго, дарэчы, робяць цалкам з натуральных прадуктаў.
Іна Пугачова працуе на фасоўцы. Да працы яна дабіраецца кожную раніцу з Чэрвеня на маршрутцы. Дзяўчына распавяла, што ёй вельмі падабаецца новая праца. Нягледзячы на тое, што яна асвоіла шмат спецыяльнасцяў - гароднінавод-садавод, аператар ЭВМ, фларыст, майстар па манікюры, - бацька Іны доўгі час не адпускаў яе ад сябе, сцвярджаючы, што яна не справіцца самастойна з цяжкасцямі жыцця.
Аднак, бачачы задаволены твар нашай свежаспечанай майстрыхі па печыву, можна сказаць, што яна выдатна спраўляецца. Не, нават не так: яна проста жыве, як любы звычайны чалавек. Усе мы з чымсці спраўляемся, пераадольваем, перамагаем, дасягаем вынікаў, бо так? У гэтым, уласна, і складаецца жыццё. І будзь ты нават сама Пугачова, але - хоць спявай, хоць пячы печыва, толькі на месцы не сядзі і не чакай, што табе хто-небудзь штосцi павінен.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота з сеткі ВК

