Камісію па заканадаўстве ўзначаліла дэпутат Святлана Любецкая. Раней яна займала пасаду суддзі Вярхоўнага суда.
Старшынёй Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце абраны Валянцін Семяняка, у мінулым старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў. Новы кіраўнік камісіі па нацыянальнай бяспецы - экс-кіраўнік Генштаба УС Беларусі Алег Белаконеў.
Кіраўніцтва пастаяннымі камісіямі па эканамічнай палітыцы і па бюджэце і фінансах даверана дэпутатам папярэдняга склікання - Леаніду Брычу і Людміле Ніжэвіч.
Камісію па аграрнай палітыцы ўзначаліў Мікалай Шаўчук, раней ён кіраваў Полацкім райвыканкамам.
Старшынёй Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы абраны Мікалай Васількоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання.
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька будзе кіраваць камісіяй па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.
Ігар Марзалюк пераабраны старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Людміла Канановіч узначаліла камісію па працы і сацыяльных пытаннях. У папярэднім скліканні яна была ў ёй намеснікам старшыні.
Людміла Макарына-Кібак, як і ў шостым скліканні, будзе кіраваць камісіяй па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.
Старшынёй камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі абраны дэпутат Ігар Камароўскі. У папярэднім скліканні ён быў намеснікам старшыні гэтай жа камісіі.
Былы кіраўнік Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін будзе кіраваць Пастаяннай камісіяй па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве.
Андрэй Савіных, раней пасол Беларусі ў Турцыі, узначаліў Пастаянную камісію па міжнародных справах.

