Пачалося свята з вітальнай песні для ўсіх прысутных - «Люблю наш край» на словы Канстанцыі Буйло і музыку Мікалая Равенскага ў выкананні вакальнай групы Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу «Салавейка».
На экране увазе прысутных была прадстаўлена падборка фотаздымкаў з жыцця клуба: яго пасяджэнняў, падарожжаў, зносін з цікавымі людзьмі.
Павіншавала ўсіх удзельнікаў свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Лідзія Шчацінка. Яна ўручыла старшынi клуба «Бонда» Станіславе Баркоўскай ад імя райвыканкама віншавальныя адрасы, у якім гаворыцца: «Паважаная Станіслава Чаславаўна і ўдзельнікі клуба «Бонда»! Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сардэчна віншуе вас з 15-годдзем з дня заснавання! Гэта свята - значная падзея для ўсіх, хто любіць цікавыя вандроўкі па родных мясцінах, вывучае спадчыну, хто збіраецца разам, каб сустрэць даўніх сяброў і знайсці новых. Падарожжы клуба даюць магчымасць удзельнікам сустрэцца са старажытнымі гарадамі і замкамі, прыгожым асяроддзем і цікавымі людзьмі нашай Радзімы.
Жыццё народа не мае адпраўной кропкі, ні адна дата не з'яўляецца зыходнай, заўсёды нешта было раней. Любыя веды аб мінулым набліжаюць яго да нас, выклікаюць жаданне даведацца пра яго яшчэ больш.
Ваша актыўная краязнаўчая і асветніцкая дзейнасць вартая самай высокай ацэнкі і прызнання. Хай гэта дата стане яшчэ адным крокам наперад у адкрыцці гарызонтаў, здзяйснення ўсіх задуманых планаў і праектаў.
Жадаем вам росквіту, ўдзячных падарожнікаў і партнёраў, адкрыцця новых шляхоў і дарог. Хай усё запланаванае вамі споўніцца».
Лідзія Шчацінка ўручыла клубу падарунак - гадзіны, дадаўшы:«...каб ён адлічваў шчаслівыя моманты ў жыцці...»
Віншавальныя адрасы і сувенір перадала клубу «Бонда» і дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак.
Са словамі віншавання да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася таксама дырэктар Чэрвеньскага цэнтра культуры і вольнага часу Алена Гоман.
Яна адзначыла, што клуб - гэта супольнасць няўрымслівых цікавых людзей, якія заўсёды шукаюць сабе прыгоды, шукаюць аднадумцаў, папаўняюць сваю скарбонку духоўных каштоўнасцей. Яна таксама пажадала і надалей - больш кіламетраў новых дарог і, каб на гэта хапіла здароўя, жадання, сілы і энтузіязму. Алена Гоман падарыла клубу «паходны набор», у якім чай, кава і печыва - тое, што заўсёды спатрэбіцца клубу - у падарожжах, або на пасяджэннях. А яшчэ ад Цэнтра культуры і адпачынку - вялізны торт са свечкамі.
Нарэшце слова ўзяла старшыня клуба Станіслава Баркоўская.
Свой выступ яна пачала са слоў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча:
“Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,
Што швейцарскія горы, старыя Афіны.
Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!”
Гэтыя словы можна лічыць дэвізам аматарскага клуба. Усю сваю дзейнасць савет клуба і яго члены арыентуюць менавіта на любоў да родных мясцін, да сваёй краіны. Прыхільнікаў клуба становіцца ўсё больш. Станіслава Чаславаўна нават засмяяліся з усіх прысутных:
- Давялося пачуць і такое, - сказала яна: «Вось пайду на пенсію, запішуся ў банду да Баркоўскай!»
- Дык што ж такое «Бонда»? - працягнула далей кіраўнік клуба. - А «Бонда» ў былыя часы называлі звычай пачастункаў: людзі пяклі хлеб, рабілі свежыну, адкачвалi мёд і частавалі суседзяў. А мы «частавалі» ўсіх ведамі: аб нашым раёне, вобласці і аб самых аддаленых вёсачках краіны. А яшчэ мы сустракаемся з цікавымі людзьмі. А гэта - вялікая каштоўнасць.
Станіслава Чаславаўна расказала пра тое, з чаго пачыналася праца ў клубе. А падарожжамі яна захапілася яшчэ тады, калі працавала ў аддзеле адукацыі: падарожнічалі больш па месцах, дзе нарадзіліся або жылі нашы вядомыя паэты і пісьменнікі. У той час і запалілася іскрынка да вандраванняў. А калі пачала працаваць у краязнаўчым музеі, узялася за справу па-сапраўднаму. Спачатку аматараў вывучаць родны край было няшмат: чалавек 15-17. Збіраліся на сустрэчы, гутарылі, за кубкам гарбаты дзяліліся культурнымі навінамі.
Далей - больш: сталі наведваць выставы, запрашалі на свае пасяджэнні цікавых людзей. А потым загарэліся вандраваннямі. Першае адбылося ў 2004 годзе ў Браслаў.
А потым іх было шмат. Зараз цяжка нават адразу і ўспомніць іх усе. Станіслава Чаславаўна знайшла выйсце: на картах Беларусі і Мінскай вобласці яна адзначыла ўсе маршруты, па якіх пралягалі падарожжа бондаўцаў.
Яны ўспаміналі цікавыя выпадкі з паездак: як ламаўся аўтобус, як вярталіся дадому за поўнач, падарожжа на цеплаходзе па Прыпяці, экскурсію ў Тураў на сыраробны завод, Астравецкую кругасветку і іншае.
Станіслава Баркоўская выказала шчырую падзяку ўсім за тое , што не даюць ёй сядзець спакойна, прыходзяць, нешта прапануюць, падштурхоўваюць да новых падарожжаў, падкідваюць цікавыя ідэі, за тое, што даюць ёй жыццё.
На сцэну падняліся члены савета клуба: Валянціна Пікулік, Вольга Зыль, Валянціна Савона і Алена Шульга. Яны - самыя першыя памочнікі старшыні. У кожнай з іх - свой адказны кавалачак працы, як падкрэсліла Станіслава Баркоўская.
Валянціна Пікулік, якая з'яўляецца адной з першых наведвальніц клуба, адзначыла, што нягледзячы на розны ўзрост, розныя прафесіі, усіх членаў і аматараў клуба аб'ядноўвае адно - любоў да роднага краю. Яна дадала, што не толькі паездкі выклікаюць інтарэс: ёсць яшчэ сустрэчы з цікавымі землякамі - пісьменнікамі, мастакамі, паэтамі. Гэта яшчэ і наведванне тэатраў, музеяў і выстаў.
- На падарожжах клуба і разам з ім вырасла мая ўнучка Яна, - сказала Валянціна Іванаўна. - Маленькая шасцігадовая дзяўчынка не баялася цяжкасцяў, ёй усё было цікава. За ёй прыглядалі ўсе члены клуба, я не турбавалася: з поля зроку яе не выпускалі. Удзячная ўсім за гэта. Шмат нашых членаў клуба падарожнічае сем'ямі, як і старшыня нашага клуба: заўсёды побач з ёй муж і ўнук. Мы ўсе ўдзячныя Станіславе Чаславаўне. Можна толькі пазайздросціць яе характару, настойлівасці, уменню павесці за сабой. Вельмі добра, што яна калісьці прыехала да нас у раён.
Вядучы мерапрыемства Валянцін Мароз прапанаваў прысутным віктарыну з жыцця клуба «Бонда». Бондаўцы з задавальненнем адказвалі на пытанні.
Член клуба «Бонда» і «па сумяшчальніцтве» сяброўка Станіславы Баркоўскай Раіса Церашонак прысвяціла ёй верш і падарыла кветкі.
Павіншаваць клуб прыехалі настаўнікі былой Горкаўская школы: Ірына Маркушэўская, Ніна Мількевіч, Галіна Ждановіч і Галіна Ворнiк.
Шмат цёплых слоў выказалі яны ў адрас кіраўніка клуба і яго членаў. Яны прывезлі ў падарунак кветкі, а яшчэ - перададзеныя народнымі ўмельцамі Васілём Тумусам, Аленай Шаўчэнка вырабы з лазы і з бісеру, а таксама падарункі ад сектара фальклору і традыцыйнай культуры вёскі Горкаўская Слабада: вытканыя ўручную - пояс, сурвэтку і аздобленую пад кашпо бутэльку.
Сюрпрызам для ўсіх прысутных стала выступленне Алеся Камоцкага, беларускага паэта і выканаўцы асабістых песень, якога ў госці да бондаўцаў запрасіла Станіслава Баркоўская.
Алесь перадаў прывітанне клубу ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам якога з'яўляецца, павіншаваў усіх са святам і выканаў некалькі песень. Свой маленькі канцэрт ён пачаў з песні на словы Міхаіла Ісакоўскага і музыку Мацвея Блантэра «Ляцяць пералётныя птушкі», толькі ў сваім перакладзе на беларускую мову. Ён шмат песень перакладае з розных моў. Вядома, што пераклад не заўсёды дакладны, але песні ў яго перакладах і выкананні атрымліваюцца не менш сардэчнымі, чым арыгіналы, і добра ўспрымаюцца слухачамі. Былі выкананы і такія: раманс «Ноч светлая...», песня «Весялосці гадзіна і боль разлукі...», а таксама раманс на словы Рыгора Барадуліна «Княгіня прыгажосці», песні на ірландскія матывы і іншыя. Некаторыя песні прагучалі і пад акампанемент Аліны Страшкевич, журналісткі і музыканта з кансерваторскай адукацыяй.
Алесь Камоцкі падарыў клубу «Бонда» апошні нумар часопіса «Дзеяслоў», у якім ёсць і яго вершы.
Урачыстае юбілейнае пасяджэнне клуба «Бонда» было сапраўднай цёплай сустрэчай сяброў.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

