Спаборніцтвы праходзілі ў Мінску ў спартыўным комплексе «Уручча». Спартсменаў і гледачоў была поўная зала. Вось што распавяла трэнер чэрвеньскiх рабят Алена Рашэтнікава: «У першым калядным кубку я ўдзельнічала, калі мне было ўсяго 12! Гэта былі мае першыя спаборніцтвы. Уяўляеце - 20 гадоў прайшло!»
Праз 20 гадоў Алена прывезла сюды 15 сваіх вучняў. Усяго ж было 860 удзельнікаў з больш за дзесяць краін-удзельніц. Алена, акрамя трэнерскай місіі, яшчэ і сама ўдзельнічала як баец і заняла першае месца ў спарынгах.
Сумяшчаць задачы трэнера і байца было няпроста: трэба было і свае баі не прапусьціць, і дзяцей пасекундзіраваць. «Секундантам трэнерам патрэбен дрэс-код, - распавядае Алена, - і ў добке (тое ж, што і кімано) у якім выступаеш, секундаваць нельга, на табе павінен быць спартыўны касцюм з эмблемай клуба або краіны. Мне прыходзілася бегаць пераапранацца, каб паспець падтрымаць сваіх вучняў:)».
Выступілі рабяты ў цэлым добра. Выйгралі 12 трэціх, 3 другіх і 2 першых месцы.
Злата Бельская, самая малодшая з каманды, стала першай у раздзеле туль.
Адразу трое Куршаковых, сястра і два браты, удзельнічалі ў турніры. У Арцёма Куршакова трэцяе месца за тэст на хуткасць, дзе ў яго было 30 канкурэнтаў. Гэтая дысцыпліна ў спаборніцтвы ўведзена менавіта для малых, так як яна менш траўматычна і спартсменаў лягчэй ацэньваць.
У некоторыx спартсменаў, асабліва ў старэйшых, атрымлівалася велізарная колькасць супернікаў у іх катэгорыях. Да таго ж у іх была алімпійская сістэма, то есць выбывае пасля першага пройгрышу. Шмат каму было фізічна цяжка і стомна маральна правесці ўвесь дзень у зале, у чаканні баёў, у хваляванні, і пры гэтым раз за разам выходзіць на рынг.
Калі па 2-3 разы выйграваеш, а потым пройгрыш, і гэта нават не трэцяе месца - крыўдна!.. У Арцёма Пірштука, напрыклад, было 68 сапернікаў у тулях! Ён тры разы перамог, потым прайграў хлопчыку з Польшчы ў баі за трэцяе месца. У спарынгаx адзін раз выйграў і ў другім крузе прайграў.
Падобная сітуацыя была і ў Арцёма Якаўлева. У спарынгаx ён прайшоў тры кругі і ў чацвёртым, у баі за трэцяе месца, прайграў. Таму тыя, хто, прайшоўшы некалькі кругоў, не выйграў, заслугоўваюць слоў павагі таксама, як і тыя, хто змог падняцца на п'едэстал.
Як адзначыла Алена Рашэтнікава, яшчэ адзін з самых юных байцоў, Арxип Клындзюк, нарэшце дарос да спарынгаў: «Перш ён удзельнічаў толькі ў туль і тэстах на хуткасць удараў за адзінку часу. У спарынгах заняў трэцяе месца: першы бой выйграў, другі прайграў».
Трэнер дзякуе за упартасць і волю да перамогі ўсім сваім выхаванцам, а таксама іх бацькам за падтрымку і разуменне.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота з сеткі ВК

