Узамен карэспандэнт газеты ўручала падпісчыкам сціплыя, але неабходныя ў побыце прадметы. Каб афармленне падпіскі праходзіла хутчэй, на дапамогу прыйшла начальнік Чэрвеньскага ўчастка Анастасія Пашкевіч. Упэўнена і звыкла яна запаўняла квітанцыі, хутка адлічвала рэшты. У тых, хто разлічваўся карткай, прымалі заказы на падпіску аператары ў касавых акенцах. Усё мерапрыемства праходзіла без мітусні, у размове пра будні раёна, праблемы і поспехi.
Ніна Сушкевіч распавяла, што чытае раённую газету з дзяцінства. Памятае яе, як газету «Уперад». «Я заўважаю, як змяняецца газета разам з часам. «Раёнка» стала дынамічнай, кампактнай. Шмат рознай інфармацыі друкуецца на яе старонках. Адно дрэнна - хутка прачытваецца газета. Хацелася б больш старонак».
Чытае нашу газету разам з маленькім сыночкам Андрэем Кацярына Пракаповіч. Ёй толькі 27, але яна ўжо сур'ёзна разважае, што калі аб падзеях свету і рэспублікі можна даведацца з іншых газет, тэлебачання, то пра падзеі Чэрвеньшчыны даведаешся толькі з раённай газеты. «У сацсетках ўсё-ткі спецыфічная інфармацыя і не заўсёды праўдзівая», - кажа дзяўчына.
Даўнія нашы чытачы - сям'я Аляксандр і Альбіна Яфіменка. Яны разам прыйшлі на пошту, каб падоўжыць падпіску на раённую газету. «Ну як можна жыць у раёне і не выпісваць мясцовую газету, - дзівіцца Аляксандр Міхайлавіч, - Чалавеку павінна быць цікава, што адбываецца побач з тваім домам, якія змены чакаюць раён, што новага прапануюць для моладзі». «Мы самі вельмі актыўныя людзі, - уступае ў размову Альбіна Васільеўна, - Рэгулярна ходзім у басейн. У кастрычніку я запісалася на пілатэс. Мы з мужам падоўгу гуляем на свежым паветры. Здароўе чалавека, шмат у чым у яго асабістых руках. Дзякуй за цікавыя матэрыялы ў газеце».
Не разменьваючыся на дробязі, адразу на паўгода падпісаўся на нашу газету Станіслаў Адамовіч Альшевкi. «Ды я, можна сказаць, вырас з раённай газетай. У доме бацькі заўсёды чыталі прэсу. Аб нашай сям'і не раз пісала «раёнка». Мы самі пісалі нататкі ў газету. Я ведаю ўсіх карэспандэнтаў. Паважаю за іх аб'ектыўную пазіцыю. Нават да крытычныў матэрыялах гэтыя людзі ставяцца ўважліва, кампетэнтна, разважліва, даведаўшыся розныя пункты гледжання на праблему. Многія цалкам пагрузіліся ў інтэрнэт, не прызнаючы іншыя крыніцы інфармацыі. Глабальнай сетцы толькі дзесяць гадоў, і якія пагрозы і небяспекі тоіць яна для псіхікі чалавека невядома. Але ўжо ёсць нямала прыкладаў, калі даверлівыя людзі, выкарыстоўваючы парады, рэкамендацыі з інтэрнэту атрымлівалі псіхічныя праблемы, траўмы, апёкі, гублялі грошы. І за гэта ніхто не нясе адказнасці. Сур'ёзныя людзі робяць рашучы разварот да друкаванай прэсы. Тут няма «фэйкаў», за кожнай інфармацыяй подпіс».
У Дзень падпісчыка шмат нашых чытачоў выказвалі словы падзякі газеце. Былі і заўвагі: за дробны шрыфт, за багацце рэкламы, мала фатаграфій. Дарагія нашы чытачы, мы хочам размясціць пабольш матэрыялаў, рэкламу паслуг, тавараў, працы таксама шукаюць нашы чытачы. Такая інфармацыя запатрабавана.
19 снежня аформілі падпіску на 2020 год 48 чалавек. Мы дзякуем усім, хто зрабіў гэта і заяўляем, што падпіска яшчэ працягваецца. Аформіць яе можна на Чэрвеньскім участку ці ў паштальёна, які абслугоўвае вашу вуліцу ці населены пункт.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

