Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 846

23 Снежань 2019

Як жыве інтэрнат: рэспубліканскае мерапрыемства ў чэрвеньскім ліцэі

19 снежня, Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй прымаў гасцей з усёй краіны. Тут адбылося рэспубліканскае паседжанне вучэбна-метадычнага аб'яднання намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце навучальных устаноў прафесійнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Тэма мерапрыемства - «Сучасныя формы арганізацыі працы ў інтэрнаце».

Адкрыла пасяджэнне начальнік аддзела метадычнага забеспячэння зместу і форм выхаваўчай работы ЦНМОВР УА РІПА Марыя Санкевіч.

Дырэктар Чэрвеньскага ліцэя Наталля Саўка павітала гасцей і распавяла аб матэрыяльнай і вучэбнай базе навучальнай установы, спецыяльнасцях, па якіх тут рыхтуюць кваліфікаваных рабочых, сістэме інтэграванага навучання, спартыўных дасягненнях і грамадскай дзейнасці навучэнцаў. Таксама дырэктар адзначыла, што ўжо цяпер пачалася падрыхтоўка да абласных «Дажынак-2020»:

- Нам прадастаўлены гонар прымаць гасцей свята. У нас яны будуць харчавацца і начаваць, таму мы пачалі рамонт у інтэрнатах, робім гэта падчас адсутнасці вучняў: у канiкулы і выхадныя.

Госці з цікавасцю агледзелі экспазіцыі, якія прадстаўляюць творчасць вучняў і педагогаў розных ліцэяў і каледжаў з усёй рэспублікі. Самай вялікай і займальнай была экспазіцыя абаронна-спартыўнага клуба «Патрыёт», які працуе пра Чэрвеньскім ліцэі. Яе прадставіў кіраўнік клуба Павел КЛЫНДЗЮК. З прэзентацыі госці даведаліся, колькі разнастайных і карысных спраў і захапленняў у рабят з «Патрыёта», якую карысць яны прыносяць грамадству, працуючы валанцёрамі, дапамагаючы ветэранам, дзецям і інвалідам, удзельнічаючы ў спартыўных спаборніцтвах, дабрачынных і экалагічных акцыях, дзяржаўных святах, патрыятычных і агульнадзяржаўных мерапрыемствах.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага політэхнічнага каледжа распавяла аб формах і сродках паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў каледжа ва ўмовах інтэрната. Удзельнікаў пасяджэння зацікавіў клуб «Знята ў Гародні». Шмат хто ведае, што гэты горад - своеасаблівы «беларускі Галівуд»: многія рэжысёры, асабліва ў савецкія часы, здымалі тут свае фільмы. Усяго іх было больш за семдзесят! Удзельнікі клуба наведваюць месцы горада, дзе праходзілі здымкі, а затым уладкоўваюць прагляд самой стужкі. Першым у такім праглядзе былі знакамітыя «Белыя росы».

Вопыт гродзенскага каледжа адметны таксама тым, што выхавальнікі-дарослыя ідуць у нагу з 21-м стагоддзем і прапануюць выхаванцам віды дзейнасці, якія напрасткі звязаныя з самымі трэндавымі маладзёжнымi захапленнямі. Напрыклад, вельмі папулярныя ў інтэрнатах каледжа сеткавыя турніры па гульні ў суперпапулярныя «Танкі», разнастайныя квізы і інтэлектуальныя гульні, дапамога бяздомным жывёлам, конкурс «Пазітыўная сэлфi» і відэа-ўрокі «Сувораўская кухня». Адзін з відэаўрок быў прадэманстраваны на пасяджэнні. Хлопцы з інтэрната, што знаходзіцца на вуліцы Суворава (адкуль і назва) знялі прыгатаванне штруделя, ўмілавалі ўсіх прысутных жанчын прастатой рэцэпту, непасрэднасцю і пазітывам.

Вопытам ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых структур у выхаванні навучэнцаў, якія жывуць у інтэрнаце, падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Мінскага прафесійнага ліцэя №5 транспартнага будаўніцтва Наталля Каранкевіч.

Пра псіхолага-педагагічнае суправаджэнне пражываючых у інтэрнаце вучняў распавёў намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Гомельскага педагагічнага каледжа Віктар Філіпенка.

Відэа-прэзентацыю аб асобасна-арыентаваным падыходзе ў арганізацыі вольнага часу ў інтэрнаце прадставіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Віцебскага прафесійнага ліцэя №5 Іна Курганава.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага прафесійнага будаўнічага ліцэя №1 Марына Афоніна у сваім выступе засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў на фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ва ўмовах полікультурнай прасторы.

Пра адаптацыю і сацыялізацыю дзяцей з асаблівасцямі развіцця казала загадчык Цэнтра прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з ОПФР і інвалідаў Івацэвіцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Ірына Яроцкая.

Метадыст аддзела метадычнага забеспячэння зместу і форм выхаваўчай работы ЦНМОВР УА РІПА Алена АПАРЫНА падзялілася вопытам па фарміраванні культуры побыту і вольнага часу навучэнцаў ва ўмовах інтэрната.

Падводзячы вынікі рэспубліканскага вучэбна-метадычнага аб'яднання, Марыя Санкевіч сказала, што паседжанне прайшло на высокім узроўні, яго ўдзельнікі запазычылі шмат карыснага з абмену вопытам і паспрабуюць укараніць на практыцы ў сваіх навучальных установах найбольш прыдатныя новыя формы работы. Таксама Марыя Санкевіч падзякавала адміністрацыi Чэрвеньскага ліцэя за сардэчны прыём і выдатную арганізацыю і правядзенне мерапрыемства.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць