Чэрвеньскiя медыкі выказалі свае меркаванні наконт паднятых Прэзідэнтам тэм падчас сустрэчы ў медуніверсітэце.
Яўгенiя Аляксандраўна Заяц, лекар агульнай практыкі:
Чырвонай ніткай праз усю гутарку прайшла тэма забеспячэння жыллём. Гэта, бадай, адна з важных умоў для таго, каб маладыя спецыялісты замацаваліся на месцы. Адміністрацыя Чэрвенскай бальніцы на гэта звяртае асаблівую ўвагу. Некаторыя мае сямейныя калегі ўжо маюць жыллё. Я жыву ў інтэрнаце. Пакуль сям'і няма, мяне гэта задавальняе. Я родам з Гомеля, скончыла там медуніверсітэт. Працую ў Чэрвені лекарам агульнай практыкі, за якім, як дакладна сказаў Кіраўнік дзяржавы, будучыня. Адзін год праходзіла інтэрнатуру па гэтай спецыяльнасці, цяпер другі год працую на ўчастку. Набыла некаторы досвед і ў прафесіі, і ў зносінах з людзьмі. Вяду прыём пацыентаў, ажыццяўляю візіты на хаце. Менавіта тут прыходзіцца прымяняць свае веды і ў педыятрыі, і ў хірургіі, і ў кардыялогіі. Шмат у чым мне дапамагаюць старэйшыя калегі: і па арганізацыі працы з медперсаналам, і з пацыентамі, і ў пастаноўцы дыягназу. Але я і сама ўдасканальваю свае веды па прафесіі. Ужо маю другую катэгорыю.
Таццяна Аляксандраўна Губарэвіч, урач-тэрапеўт, загадчык паліклінікай:
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на прафесійны імідж лекара і ўзровень яго ўласнага фізічнага здароўя. Ён сапраўды павінен быць высокім. Лекара трэба быць прыкладам для пацыентаў. Здаровы лад яго жыцця павінен лічыцца базавай прафесійнай якасцю для медыка. Не заўважала, каб хто-небудзь з маіх калег курыў. Цяпер модна быць здаровым. Мы ўсе імкнемся падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. Асабіста я люблю басейн, езджу на ровары. І сваім двум дзецям прывіваю любоў да гэтых заняткаў. Стараюся надаваць ім больш увагі, хоць не заўсёды хапае на гэты часу.
Стаж працы ў медыцыне ў мяне ўжо дзесяць гадоў. З 2015 года выконвала абавязкі загадчыка паліклінікай, цяпер - загадчык на пастаяннай аснове. Вяду яшчэ тэрапеўтычныя палаты. Складана, вядома, сумяшчаць працу па-спецыяльнасці з адміністрацыйнай працай. Але, калі табе праца падабаецца, то ўсё атрымліваецца. Зараз я лекар першай катэгорыі.
У нашай бальніцы шмат маладых лекараў. Вядома ж, у кожнага ёсць магчымасць рушыць па кар'ернай лесвіцы. Але для гэтага трэба мець і некаторыя якасці: жаданне і ўменне працаваць з людзьмі.
Андрэй Сяргеевіч Бярэзін, урач-хірург:
- З цікавасцю паглядзеў сустрэчу кіраўніка дзяржавы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў. Прыемна, што дзяржавай надаецца такая вялікая ўвага развіццю сферы аховы здароўя. Згодны з яго меркаваннем пра тое, што ва ўніверсітэтах - высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі, а практыкі недастаткова. Лічу, што маладым спецыялістам на месцах трэба даваць магчымасць папрацаваць практычна. Менавіта такую магчымасць я атрымаў, прыйшоўшы працаваць у Чэрвеньскім бальніцу пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта ў 2018 годзе. Да гэтага год спецыялізаваўся па агульнай хірургіі ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы і атрымаў кваліфікацыю ўрача-хірурга. З калектывам бальніцы знаёмы даўно. У Чэрвені нарадзіўся, тут праходзіў практыку на трэцім, чацвёртым і пятым курсах. Так што працаваць мне камфортна. Акрамя таго, вялікую дапамогу і падтрымку аказваюць мне старэйшыя калегі - хірургі з вялікім вопытам працы. У нас склаўся выдатны калектыў, які ў жарт называюць «кафедра хiрургiчных хвароб». Мы тут усё ўзаемазаменныя: па чарзе працуем на прыёме, у аддзяленні, дзяжурым. Мне давяраюць і аперацыі праводзіць, вядома, пад наглядам вопытнага ўрача. Увогуле, на ўласным вопыце магу сказаць, што для атрымання навыкаў самастойнай працы і пашырэння магчымасцяў прафесійнага росту, лепш пачынаць працаваць у раёне. Тут і ўмовы працы добрыя, і настаўнікі з ліку вопытных калег заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, і пацыенты памяркоўней і дысцыплінаваней ў плане выканання рэкамендацый лекара. Да таго ж у бальніцы актыўна развіваецца УГД-дыягностыка, эндаскапія. Ёсць электронная база пацыентаў. Усё гэта спрашчае працу. У планах нашай бальніцы - правядзенне лапараскапіі.
Уладзіслаў Аляксандравіч Наледзька , урач-хірург:
- Асаблівую ўвагу Прэзідэнт сканцэнтраваў на пытаннях аснашчэння працоўных месцаў медыкаў сучасным абсталяваннем. Гэта патрабаванне часу. У Чэрвенскай бальніцы гэтым пытанні надаюць вялікае значэнне. Тут пастаянна абнаўляецца матэрыяльная база, ствараюцца камфортныя ўмовы для працы медперсаналу. Маладым спецыялістам прадастаўляюць магчымасць працаваць самастойна, павышаць кваліфікацыю, расці прафесійна, рабіць кар'еру. Мяне ўжо адправілі на курсы па экстраннай хірургіі і ў наступным годзе буду атрымліваць другую катэгорыю.
Акрамя таго, у калектыўным дагаворы прадугледжаны для нас такі пункт, як частковая кампенсацыя аплаты за здымнае жыллё. Ды і заробкам мы не пакрыўджаныя. Для маладых спецыялістаў яна нядрэнная. Напрыклад, я атрымліваю больш, чым мае аднакурснікі, якія працуюць у Мінску. А ў наступным годзе медыкам абяцалі падвысіць заробак і гэта прыемна.
У раённай бальніцы ёсць больш магчымасці павысіць свой прафесійны ўзровень, таму што даводзіцца сутыкацца з траўматалогiяй і дзіцячай хірургіяй, уралогiяй і нейрахірургіяй. Назапашваецца пэўны вопыт, навыкі, што дапаможа ў будучыні стаць добрым спецыялістам.
Гутарыла Таццяна Марцьянава.
Фота аўтара

