Выступленні ўдзельнікаў ацэньвала журы: Лідзія Юрчанка, настаўніца інфарматыкі СШ №3 г.Чэрвень; Міхаіл Халадзінскі, настаўнік фізікі гімназіі №1 імя В.А.Караля; Раіса Лунь, настаўніца фізікі Валевачэўскай СШ; Людміла Баброўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 імя В.А.Караля і Ганна Савайтан, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама.
Аляксандр Толкач, вучань 4 класа Турэцкай базавай школы (кіраўнік - Марыя Лаўцэвіч) прадставіў работу па тэме: «Такая розная электрычнасць». Ён распавёў пра электрычны ток і статычную электрычнасці, прадэманстраваў досведы.
Усіх прысутных заінтрыгавала назва даследчай работы наступнай удзельніцы фестывалю - Аляксандры Дадалка, вучаніцы 4 класа СШ №4 г.Чэрвень (кіраўнікі - Ганна Бойка і Вольга Аліева) - «ЗDесятае каралеўства». Дзяўчынка патлумачыла, што такое галаграма. Яна таксама атрымала нешта падобнае на галаграму - псеўдагалаграму і прадэманстравала яе.
Пра ваду і яе цудоўныя ўласцівасці расказала падчас прадстаўлення сваёй працы - «Вада-чараўніца» вучаніца 2 класа Руднянскай СШ Анастасія Лакціёнава (кіраўнік - Наталля Лугаўская). Вывучаючы паводзіны вады ў розных умовах, дзяўчынка даведалася пра такія «цудоўныя» ўласцівасці вады, як цякучасць, добрая растваральнасць, здольнасць прымаць любую форму ў залежнасці ад формы пасудзіны і іншыя.
Статычную электрычнасць вывучаў вучань 4 класа Лядзенскай СШ Ягор Няборскi (кіраўнік - Людміла Соніч). Свае высновы аб яе уласцівасцях і прымяненні ў тэхніцы ён выказаў у працы «Незвычайная электрычнасць».
«Міраж вачыма праграміста» - так назваў сваю даследчую працу вучань 4 класа СШ №4 г.Чэрвень Ілля Парфiановiч (кіраўнікі - Наталля Ашэйчык і Вольга Аліева). Ён прыйшоў да высновы, што міражы ўзнікаюць не толькі ў пустыні або ў моры, але іх можна ўбачыць і ў паўсядзённым жыцці. Ілля нават прадэманстраваў фатаграфіі штучных міражоў. А яшчэ ён распрацаваў кампутарную гульню па гэтай тэме - «У пагоні за міражом».
У намінацыі «Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка» лепшай працай, прадстаўленай на раённым этапе фестывалю, прызнана работа Аляксандры Дадалка. Гэтая праца будзе прадстаўлена на абласным фестывалі.
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі падарункі і граматы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

