Усе госці адразу ж патрапілі ў казачную атмасферу. Імя «Дзед Піхто» яны раней толькі часам чулі, ды і то ў асабліва пэўнай сітуацыі, маўляў, «Хто, хто ... Дзед Піхто!» І вось - здарылася: ён самы, жыўцом! А разам з Дзедам Піхто - яшчэ адна галоўная гераіня, і таксама, ці ведаеце, у сваім рэпертуары: Бабуля Казява! Гэта табе не набілы аскому Зайчык і Морква, ці там Вавёрка якая-небудзь. Тут хочаш-не хочаш, а з цікаўнасці пойдзеш за дзіўнымі героямі, куды б не паклікалі. Такім вось чынам і выправіліся ўсе госці на вышукі Дзеда Мароза.
Шмат казачных персанажаў сустрэлася на шляху. Марская прыгажуня Сірэна, вядома ж, спрабавала ўсіх зацягнуць у бездань. Галодны Людаед ледзь не схапіў сваімі непераборлівымі зубамі Бабулю Казяву. Балазе дзеці, хоць і сучасныя, да кампутарных бітваў прывучаныя, а так-сяк адбілі ўпадабаную бабулю у дзіўнага антыгероя, пакінуўшы яго без абеду. Месяцовы Кот сустракаўся раней з Майклам Джэксанам і пераняў у поп-караля знакамітую «месяцовую хаду», якой і навучыў дзяцей без усялякага зазнайства. Пінгвін Піняны, юны Антарктычны міленіял, ведае 3412 відаў флэшмобаў і чэленджаў. Адзін з флэшмобаў, «Карагодны разаграваючы», ён арганізаваў прама ў елкі. А Петушок Каруза часова перанёс удзельнікаў у таямнічы казачны тэатр.
У рэшце рэшт усё дабраліся да Снягуркі і Дзеда Мароза, у існаванне якога паверыла, нарэшце, Бабуля Казява, па ходзе свята праяўляючы дзіўную неадукаванасць, сцвярджаючы, што ні цудаў, ні усялякіх там Дзядоў Марозаў не бывае. Смешная, яна б яшчэ сказала, што Аднарогаў не існуе!..
Нягледзячы а неардынарных персанажаў, была няўхільна выкананая традыцыя пасля асноўнага прадстаўлення выступаць перад Дзедам Марозам са сваімі талентамі і атрымліваць за гэта цукеркі.
Салодкія падарункі на свяце атрымалі дзеці са шматдзетных сем'яў, якія пражываюць у Руднянскай сельсавеце. Сем'яў такіх дваццаць адна, а дзетак у іх - пяцьдзясят сем. Атрымаць падарункі ім дапамагла Людміла Шаркова. Яе «тытул» гучыць трохі даўжэй, чым «фея»: Людміла Генадзьеўна - дэпутат Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў па Руднянскай выбарчай акрузе. Але ў дадзеным канкрэтным выпадку два гэтых вызначэннi сталі сінонімамі.
Арганізатары свята на чале з Інай Ерахавец дзякуюць Людміле Шарковай і юным акцёрам-вучням Руднянскай школы за іх таленты і спагадлівыя сэрца.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Іны Ерахавец

