
Карына Мірановіч, вучаніца 4 класа Хутарскай СШ (кіраўнік — Ларыса Рабцэвіч) даследавала карысныя ўласцівасці малака. Вынікам яе даследаванняў стала праца «Малако піць - здаровым быць».

Чым лепш чысціць зубы - зубной пастай або парашком? А можа быць лепш зрабіць сваю? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні сваё даследаванне правяла Лізавета Каўзуновiч, вучаніца СШ №2 г.Чэрвеня (кіраўнік – Людміла Тарасёнак). Яго вынікі Ліза падвяла ў працы, якую назвала «Чысціць смачнай пастай трэба зубкі часта». Яна прыгатавала свой зубны парашок і сваю пасту і прадэманстравала іх журы.

Усе дзеці любяць папкорн, але не ўсе ведаюць, чаму ён страляе, калі яго рыхтуюць. На гэтае пытанне, правёўшы свае даследаванні, адказала вучаніца 2 класа Лядзенскай СШ Варвара Самахвал (кіраўнік - Тамара Атрашонак).

Ілля Лапо, вучань 2 класа СШ №3 г. Чэрвеня (кіраўнік – Наталля Турчына) праводзіў даследаванні па тэме: «Дзіўныя крышталі або чараўніцтва сваімі рукамі». Было і напраўду дзіўна, калі Ілля прадэманстраваў прыгожыя блакітныя крышталі меднага купарваса, выгадаваныя ўласнаручна. Ілля распавёў удзельнікам фестывалю і шмат розных звестак аб крышталях і каштоўных камянях.

«Чаму ў хаце ў бабулі лёгка дыхаецца?». Гэтае пытанне заўсёды хвалявала вучня 2 класа Чэрвеньскай гімназіі №1 iмя В. А. Караля Аляксандра Капашынава (кіраўнік - Тамара Мурашка), калі Саша прыязджаў да бабулі ў выхадныя дні або на канікулы. Правёўшы даследаванні, ён прыйшоў да высновы аб тым, што ў драўляным доме сапраўды дыхаецца добра, і гэта дзякуючы дзіўным уласцівасцям дрэва - захоўваць цяпло і прапускаць паветра.

На думку журы, удзел у такіх фестывалях пашырае кругагляд вучняў, вучыць дзяцей аналізаваць, супастаўляць факты, робіць вучняў уважлівей і адказней. На фестывалі няма пераможцаў і пераможаных. Усе дзеці атрымалі падарункі ад упраўлення адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама і Граматы за ўдзел у фестывалі.

На абласны этап фестывалю «Я - даследчык» журы адабрала наступныя працы: «Дзіўныя крышталі або чараўніцтва сваімі рукамі» Іллі Лапо і «Чаму ў доме ў бабулі лёгка дыхаецца?» Аляксандра Капашынава.
Таццяна Марцьянава. фота аўтара

