Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

27 Студзень 2020

25 студзеня Таццянін Дзень

25 студзеня - рэдкі ў календары дзень, у якога ёсць імя. Сёння віншаванні будуць прымаць Таццяны. Мы сустрэліся з некаторымі прадстаўніцамі гэтага прыгожага імя, каб задаць ім пытанне: якія вы, Таццяны?

Таццяна Чыстая, настаўнік па класе фартэпіяна Чэрвенскай дзіцячай школы мастацтваў:

- Я вельмі настойлівая і адказная. З дзяцінства хацела займацца музыкай. Паступіла ў музычную школу. Дома фартэпіяна не было. У тыя гады свой хатні інструмент быў вялікай рэдкасцю. Балазе, музычная школа была побач, і я часам гадзінамі чакала, калі вызваліцца піяніна, каб падрыхтавацца да ўрока...

Таняй мяне назвалі ў гонар бабулі, мамы майго бацькі. Яна была жыццярадаснай, актыўнай жанчынай і добрай певуньяй. Дзядуля іграў на скрыпцы, дарэчы, быў самавук, у яго быў выдатны слых, а бабуля спявала. У вёсцы, дзе яна жыла, усе любілі паслухаць яе спеў. Думаю, што і мне перадалася гэтая яе любоў да музыкі і выступленняў.

Я стараюся ў любой сітуацыі не падаць духам. Заўсёды веру ў лепшае і ў душы застаюся малады: вельмі люблю сваіх калег, сваіх вучняў. Спадзяюся, што гэта ўзаемна.

У нашым калектыве ёсць яшчэ чатыры Таццяны - Таццяна Осіпчык, Таццяна Процька, Таццяна Комiкава і Таццяна Пенкрат. Усе яны -, добрасумленныя, прыязныя і кантактныя.

Усім сваім цёзкам жадаю здароўя і шчасця. Толькі шкада, што Таццянамi называюць дзяўчынак ўсё радзей і радзей. Гэта я бачу па імёнах сваіх вучняў...

Таццяна Лапшына, галоўны спецыяліст Чэрвеньскага аддзела ЗАГСа:

— Мама з першага погляду назвала мяне Таняй. Напэўна, матчынаму сэрцу было блізка гэтае імя. Ніхто і пярэчыць не стаў. У апошнія гады гэтым прыгожым імем называюць дзяўчынак вельмі рэдка. За 11 гадоў маёй працы ў ЗАГСе пад гэтым імем запісана толькі 14 дзяўчынак, у той жа час Дашамi, напрыклад, названа 102 дзяўчынкі, Ксеніямi - 92, Ганнамi - 85...

Баюся здацца нясціплай, але такія якасці як адказнасць, ураўнаважанасць, стабільнасць, уласцівыя Таццянам, ёсць і ў мяне. А яшчэ я - творчы чалавек. Люблю маляваць, вырабляць з любога падручнага матэрыялу прыгожыя рэчы. Шаную сваю сям'ю, хатнюю утульнасць, дзе сама ўсё ўладкоўваю, ствараю. Ёсць у мяне выдатныя сябры. Іх няшмат, але яны даўнія і надзейныя. Самыя лепшыя з іх - гэта мая дачка і мая сястра.

Таццяна Якушка, акушэрка жаночай кансультацыі паліклінікі Чэрвенскай бальніцы:

— Таццянай мяне назваў бацька. Родныя прапаноўвалі і такія варыянты, як Тамара, Галіна. Але бацька настаяў на сваім.

Самым галоўным падарункам у маім жыцці стала з'яўленне на свет ўнука Арцёма, які нарадзіўся ў Таццянін дзень. Менавіта мне ён падарыў сваю першую ў жыцці ўсмешку: у момант яго нараджэння я была побач. Мне пашчасціла прысутнічаць у радзільнай зале: бо я акушэрка.

Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, не вагаючыся, выбрала медыцыну. Пазней даведалася, што Таццяны часцей за ўсё выбіраюць мэдыцыну. Яна мяркуе такія якасці, як спачуванне, жаданне дапамагаць, нешта ў жыцці ладзіць, бо нездарма імя Таццяна перакладаецца з грэцкага як «уладкоўвацельнiца». Я люблю людзей, і што б ні было ў мяне на душы, сустракаю ўсіх сваіх пацыентаў з добрым настроем.

Таццяна Варахобка, фельчар-лабарант бактэрыялагічнай лабараторыі Чэрвеньскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, малады спецыяліст:

— Таццянай мяне назвала мама. Атрымалася так, што яна не ведала да моманту нараджэння пол дзіцяці. Таму варыянты былі такія: калі хлопчык, то Глеб, калі дзяўчынка, то Таня.

У мяне ёсць сяброўкі Таццяны. Усім ім, ды і мне таксама, уласцівы такія якасці, як спакой, стрыманасць, дружалюбнасць. І мы заўсёды стараемся бачыць у людзях нешта добрае.

Я з Віцебска. Толькі паўгода таму прыехала ў Чэрвень па размеркаванні пасля заканчэння медыцынскага каледжа. Жыву ў інтэрнаце, ужо паспела знайсці сабе сяброў. І на працы ў мяне склаліся добрыя адносіны з калегамі.

Таццяна Адзінец, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

— Напэўна, людзі старэйшага пакалення больш ведалі пра імёны і іх уплыў на лёс чалавека, таму, калі я з'явілася на свет, Таццянай назваў мяне дзядуля, бацька майго бацькі. Ён сказаў, што менавіта гэтае імя будзе спрыяць таму, што ў дзіцяці будзе добры і ўраўнаважаны характар. Думаю, ён меў рацыю. Сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што ў мяне менавіта такі характар, таму што тыя якасці, якія ў мяне ёсць - сабранасць, уменне выслухаць людзей, увайсці ў іх становішча - дапамагаюць мне ў працы. Гэта сапраўды маё прызванне - дапамагаць людзям. Я з 2004 года працую ў сацыяльнай службе. Участак працы, які я ўзначальваю, не самы лёгкі ў нашым Цэнтры. Мы дапамагаем пажылым людзям, адзінокім і састарэлым грамадзянам арганізаваць свой побыт. Тут нам даводзіцца сутыкацца з рознымі праблемамі. І кожны раз неабходна цярпенне і ўвага: трэба выслухаць чалавека, зразумець яго і па магчымасці дапамагчы ў вырашэнні праблемы.

Таццяна Зінкевіч, медсястра кабінета ўрача-дерматавенеролага паліклінікі Чэрвенскай бальніцы:

— Танюшка - так назваў мяне тата. Мама хацела назваць інакш, нават зараз не ўзгадаю як, але бацька паабяцаў, што кіне паліць. І кінуў!

Я не збіралася звязваць сваё жыццё з медыцынай, нават дакументы падала на іншую спецыяльнасць. Але мая цётка, якая была настаўніцай, і дырэктар школы, дзе я вучылася, бачылi ўва мне толькі медыка. Яны і настаялі на гэтым, матывуючы тым, што ў мяне абавязкова атрымаецца. Маўляў, мая настойлівасць, рашучасць, уменне мець зносіны з людзьмі, увага і паважлівасць дапамогуць мне ў маёй прафесіі. Я паслухала іх і паступіла ў Барысаўскае медвучылішча. Сёння я ўдзячная ім за тое, што паўплывалі на выбар прафесіі. За многія гады працы ў бальніцы пабачыла ўсякага, але ні разу не пашкадавала аб абраным шляху.

Я люблю сваіх сяброў. З радасцю з імі сустракаюся. Люблю вязаць - тут вельмі шмат магчымасцяў для фантазіі. Зьвяжаш рэч - ні ў каго такой няма. Люблю пакапацца ў агародзе і ў кветніку. Люблю жыццё...

Усе мае суразмоўніцы - такія розныя, але ў той жа час вельмі падобныя адзін на аднаго сваім імкненнем дапамагчы людзям, адказнасцю, надзейнасцю, вернасцю сям'і, сябрам і абранай прафесіі. Таццяны - выдатныя арганізатары, адміністратары, педагогі і медыкі, - натуры творчыя, дзейныя, рашучыя, што надае ім аптымізму. А яшчэ - добрыя гаспадыні. У сям'і Таццяна з'яўляецца цэнтрам, які аб'ядноўвае ўсіх і кожнаму дае пачуццё ўпэўненасці, свядомасці, што ён не самотны ў гэтым свеце ...

Гутарыла з Таццянай таксама Тацяна. Марцьянава. фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць