Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
04 Люты 2020

Выпускнікі чэрвенскай гімназіі №1 ім.В. А. Караля: мы сустрэліся праз дваццаць гадоў

Скончылі мы гімназію №1 ім.В. А. Караля г. Чэрвеня ў 2000 годзе.

Наш клас сфармавалі яшчэ ў 1997 годзе, калі першай школе быў прысвоены статус гімназіі. У ім сабраліся «моцныя» вучні з розных школ, кожны з якіх, здавалася б, прэтэндаваў на сваю індывідуальнасць і адметнасць.

Але праз нейкі час мы адчулі сябе сям'ёй, у цяжкія хвіліны падстаўлялі адзін аднаму плячо. Памятаю, калі я зламала нагу і не магла наведваць ўрокі, мае аднакласнікі прыходзілі за мной дадому і... насілі мяне на руках - па лесвіцах, пераносілі з кабінета ў кабінет. Гэта немагчыма забыць.

Мы і цяпер дружныя. З тымі, хто жыве ў Чэрвені або ў Мінску, часта сустракаемся. Вельмі рады, калі прыязджаюць нашы «далёкія» аднакласнікі: Жэня Жывіцкі з ЗША, Анюта Дарафейчык - з Польшчы.

Кожны з нас атрымаў прафесію, адбыўся як асоба. Сярод нас - інжынеры, эканамісты, лекары, перакладчыкі, прадпрымальнікі. Мы запатрабаваны ў грамадстве, амаль ва ўсіх ёсць сем'і, дзеці.

Сустрэча школьных сяброў для нас заўсёды доўгачаканае свята. І цяперашняя пакінула ў душы цёплую і асаблівую атмасферу шчасця і настальгіі: па бестурботнаму дзяцінству, школьным урокам, вучэбным класам, выдатным настаўнікам, якіх ніколі не забываемся. І зараз рады былі зноў убачыць нашага класнага кіраўніка Ірыну Пятроўну Канапелька, прайсці па абноўленаму будынку гімназіі і падарыць школе падарунак - тэлевізар.

Не ўсе ўдзельнікі сустрэчы патрапілі ў кадр: пазней далучыліся да нас Марына Гесь і Ігар Філіпчонак. А Міця Галаўко зрабіў фота на памяць.

На здымку злева - направа: Аляксей Хмяльніцкі, Дзмітрый Сядоў, Аляксандр Лазарэвіч, Павел Вінцэнтовіч, Аляксандр Стопкін, Яўген Жывіцкі. Ганна Гурыновіч, Алёна Марцьянава, Надзея Манжуліна, Ганна Дарафейчык і Ірына Пятроўна Канапелька.

Алёна Марцьянава.

Фота Дзмітрыя Галаўко

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць