Вельмі доўга гэтая страшная трагедыя замоўчвалася. І нават пасля таго, як у 1968 годзе на месцы расстрэлу быў усталяваны помнік, многія думалі, што гэта - звычайная братэрская магіла, якіх нямала пакінула на нашай зямлі вайна.
Памяць пра трагедыю па-сапраўднаму пачала вяртацца толькі ў канцы мінулага дзесяцігоддзя, калі раённы краязнаўчы музей зрабіў першыя крокі да даследавання гісторыі Чэрвеньскага гета і мясцовай габрэйскай абшчыны. А з 2012 году жалобнае мерапрыемства па ініцыятыве музея праводзіцца 1 лютага традыцыйна.

Сёлета ў зале Школе мастацтваў на яго сабраліся сваякі загінуўшых у гета, вучні і педагогі гімназіі, якая ўзяла шэфства над помнікам, а таксама – СШ №3, дзе збіраюць матэрыялы аб трагедыі.

У пачатку мінулае ажыло ў фотаздымках: з экрана дыяпраектара пранізліва глядзелі вочы тых, хто прыняў пакутніцкую смерць ад рук нацыстаў. Мужчыны, жанчыны, сем'і з дзецьмі... Дзве тысячы загубленых жыццяў ...
Гісторыю Чэрвеньскага гета нагадала старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ірына Вабішчэвіч. Яна адзначыла, што вельмі хацелася б аднавіць увесь спіс расстраляных. Але на сёння вядомыя толькі каля 1200 прозвішчаў, а сведак трагедыі застаецца ўсё менш...
Ва ўнісон журботнаму настрою прагучаў верш, напісаны Ганнай Хоруц-Гельфанд - сваячкай загінуўшых ў Чэрвеньскім гета, у выкананні вучаніцы СШ №3 Маргарыты Гамеза.

У жыхара Масквы Барыса Эйга, які прыехаў у Чэрвень разам з сястрой і братам, у магіле ў старой Замятоўскай дарогі спачываюць дзядуля, бабуля, цётка, браты. Ледзь стрымліваючы слёзы, ён шчыра дзякаваў усім, хто спрычыніўся да вяртання гістарычнай памяці аб трагедыі. Барыс Эйг уручыў памятныя медалі «75 гадоў Вялікай Перамогі» актывістам даследчай працы Ірыне Вабішчэвіч, Леаніду Круку і Казіміру Мезіну.

Вядомы на Чэрвеньшчыне навуковец Леанід Шофман распавёў, што зацікавіўся вывучэннем гісторыі трагедыі не толькі ў мясцовым маштабе. Ён, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу на тым, што ў гады вайны ў многіх краінах Еўропы на ўзроўні ўрадаў былі зробленыя паспяховыя крокі, каб выратаваць габрэяў ад нацыстаў. А вось у краінах былога СССР працэнт іх знішчэння перавысіў дзевяноста.

Былы чэрвенец Алік Гофман, які жыве цяпер у ЗША, прыехаўшы на днях у Чэрвень, трапіў на жалобнае мерапрыемства выпадкова і быў вельмі ўражаны. Ён сказаў, што хоча прывезці на месца трагедыі сваіх дзяцей, каб перадаць памяць пра яе новаму пакаленню.

Памяць... Яна не мае ні тэрміну даўнасці, ні нацыянальнасці. «Пакуль мы памятаем - мы жывем», - гэтую простую ісціну яшчэ раз нагадала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Каленік, уручаючы юбілейны медаль Барысу Эйгу.

Жалобнае мерапрыемства ў зале Школы мастацтваў завяршылася сумнай мелодыяй ірландска-нарвежскага дуэта «Secret Garden», якую выканала на раялі дырэктар гэтай установы Галіна Прышывалка.

А потым памяць вязняў гета ўшанавалі на месцы іх гібелі. Кветкі і каменьчыкі па габрэйскай традыцыі ляглі да падножжа помніка. Падчас хвіліны маўчання згарэлі дзве тысячы запалак, як сімвал знішчаных у полымі вайны людзей.





Ігар Адамовіч. Фота аўтара

