Разам з участковым на сустрэчу прыйшлі: начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі (ААПП) Чэрвеньскага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Семчанка, намеснік пракурора раёна Вадзім Кукалевiч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага райвыканкама Наталля Сцяжко, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Алена Канстанцінавіч і намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Батура. У сустрэчы прынялі ўдзел таксама старшыня Валевацкага сельвыканкама Алена Чыканоўская і дырэктар СПФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» Арцём Антыфееў.
Звяртаючыся да прысутных, Міхаіл Ротаў паведаміў, што праца, якая праводзіцца ім на ўчастку, была накіравана на стабілізацыю аператыўнай абстаноўкі, абарону правоў і інтарэсаў пражываючых грамадзян, узмацненне барацьбы са злачыннасцю, адміністрацыйнымі правапарушэннямі, прафілактыку правапарушэнняў сярод непаўналетніх.
На тэрыторыі Валевацкага сельсавета у 2019 годзе было здзейснена 20 злачынстваў (у 2018 годзе - 15). Раскрыта і накіравана ў суд 13. Вінаватыя прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Раскрывальнасць злачынстваў склала 65% (у 2018 годзе - 65%). Па раёне раскрывальнасць - 58,8%.
Сем злачынстваў засталіся нераскрытымі - гэта крадзяжы, у тым ліку з жылля.
Прычынамі і ўмовамі, спрыяльнымі здзяйсненню крадзяжоў, як адзначыў дакладчык, з'яўляюцца ўласная бестурботнасць грамадзян, якія не забясьпечваюць на належным узроўні захаванасць сваёй маёмасьці, а ў некаторых выпадках - поўнае нежаданне прымаць меры па прадухіленні злачынных замахаў на чужую маёмасць з боку крымінальных элементаў .
30 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, складаюцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, з іх 3 чалавекі - у савеце прафілактыкі і правапарадку.
Далей Міхаіл Ротаў спыніўся на мерах, якія прымяняюцца да гэтых людзей, - яны выклікаюцца на пасяджэнне савета прафілактыкі, з імі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. І яна дае свае вынікі: некаторыя спатыкнуўшыяся людзі ўсведамляюць, што дзеянні іх супрацьпраўныя, спрабуюць выправіцца, і гэта ў іх атрымліваецца.
Міхаіл Юр'евіч таксама паведаміў аб праводзiмых рэйдах па выяўленні фактаў рэалізацыі алкагольных напояў, самагонаварэння і іх выніках: было складзена 6 пратаколаў, матэрыялы накіраваныя ў суд, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, было канфіскавана 85 літраў сьпірту і 40 літраў брагі.
З асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, пастаянна праводзіцца прафілактычная работа. Інфармацыя пра прыцягваюемых да адказнасці грамадзян накіроўваецца ў сельскі Савет, гэтыя грамадзяне разглядаюцца на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку (АПАП). Два жыхары Валевацкага сельсавета прызнаны маючымi патрэбу ў лячэнні ад алкагольнай залежнасці і накіраваны ў ЛПП.
Праблема п'янства актуальна, і тычыцца не толькі міліцыі, - падкрэсліў далей Міхаіл Ротаў, - бо прычыны канфліктаў могуць быць самымі разнастайнымі: гэта і п'янства, і беспрацоўе, і безграшоўе, і псіхічныя асаблівасці. Часцей прычынай канфліктаў ўсё ж становіцца п'янства. У 2019 годзе складзена 25 пратаколаў на сямейных дэбашыраў. У сям'і адбываюцца скандалы - паміж бацькамі і дзецьмі, паміж мужам і жонкай. З імі праводзіцца прафілактычная праца, гутаркі. Некаторыя здзяйсняюць паўторна такія правапарушэнні. Усе скандалісты выклікаліся на савет прафілактыкі.
Як растлумачыў Аляксандр Семчанка, удасканальваюцца меры папярэджання гвалтоўных злачынстваў у сям'і. Хатнія гвалтаўнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, ставяцца на ўлік у аддзяленне аховы правапарадку Чэрвеньскага РАУС.
- У сямейна-бытавых адносінах бываюць розныя сітуацыі, - сказаў Аляксандр Віктаравіч. - Участковаму прыходзіцца аналізаваць прычыны. Пазіцыя тут жорсткая. Скандалісты ізалююцца з сям'і да 30 сутак, каб пацярпелы бок мог адпачыць ад сямейных скандалаў.
Міхаіл Ротаў паведаміў далей, што у 2019 годзе такая мера ўжывалася да двух жыхароў Валевацкага сельсавета. Крымінальным кодэксам таксама прадугледжаны шэраг артыкулаў прэвентыўнага ўтрымання, якія закліканы прадухіліць здзяйсненне больш цяжкага злачынства ў сям'і.
Ён паведаміў таксама, што за мінулы год да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 114 чалавек, у прыватнасці, па арт. 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства) - 14; па арт.17.3 (распіццё спіртных напояў і знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення) - 32 чалавекі; ч.1 ст.9.1 (прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў) - 6; ч.2.ст.9.1 (нанясенне пабояў, якое не пацягнула прычынення цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічных або псіхічных пакут, учыненыя ў дачыненні да блізкага сваяка або члена сям'і, парушэнне ахоўнага прадпісанні) - 25 чалавек; ст.9.3 (абраза) - 5; арт. 10.5 (дробны крадзеж) - 9; арт. 17.6 (заведама ілжывае паведамленне) - 4.
Міхаіл Ротаў звярнуў увагу на тое, што маюць месца правапарушэнні, звязаныя з парушэннем правіл утрымання хатніх жывёл. На тэрыторыі сельсавета у 2019 годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 3 ўладальніка сабак. Ад нападу сабак пацярпела 3 дзіцяці.
У цэлым, сканчаючы выступ, дакладчык адзначыў, што крымінагенная сітуацыя ў сельсавеце знаходзіцца пад кантролем. З 1 студзеня 2010 года участковы міліцыянер абслугоўвае яшчэ і частку Руднянскага сельсавета, дзе пражывае 2991 чалавек.
Выступоўцу былі зададзены пытанні: Наталля Сцяжко цікавілася прадметам крадзяжоў і узростам злачынцаў, а таксама ці ёсць у сем'ях, дзе адбываюцца скандалы, непаўналетнія дзеці.
Што тычыцца крадзяжоў, то, як растлумачыў Міхаіл Ротаў, крадуць у асноўным маёмасць з дач, ровары. Непаўналетнімі крадзяжы не рабіліся. У сем'ях, дзе часцей за ўсё адбываюцца скандалы, непаўналетнія дзеці ёсць. З гэтымі сем'ямі вядзецца праца. Збіраюцца на іх матэрыялы, накіроўваюцца ў суд. Калі муж і жонка пагаджаюцца, спыняецца адміністрацыйны працэс, калі не - выносіцца рашэнне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта штраф ці адміністрацыйны арышт.
Вадзім Кукалевiч ставіў пытанні: якая праца вялася з парушальнікамі правілаў утрымання жывёл: якія меры ўжываліся па адлове сабак.
Быў дадзены адказ, што пытанне разглядалася на пасяджэнні савета прафілактыкі, выклікалася брыгада па адлове, было адлоўлена у 2019 годзе 18 сабак. Сёння вострых праблем няма.
Пракаментавала сітуацыю таксама Алена Чыканоўская. Яна паведаміла, што у 2018 годзе з Мінскай арганізацыяй «Фауна горада» быў заключаны дагавор, з імі разлічыліся. - Цяпер усё паўнамоцтвы перададзены аддзелу ЖКГ і грашовыя сродкі ў тым ліку, - сказала Алена Міхайлаўна. - Як гэта будзе ажыццяўляцца ў бягучым годзе, пакуль яшчэ невядома.
Далей Вадзім Кукалевiч засяродзіў увагу на вулічным асвятленні ў населеных пунктах у зімовы час. Ён цікавіўся, як будуць выконвацца стандарты ў гэтым плане. Ці будзе вырабляцца замена звычайных свяцілень на энергазахавальныя. І колькі ўжо заменена.
Алена Чыканоўская патлумачыла, што ўсе грошы, якія выдзяляюцца на асвятленне, выкарыстоўваюцца. - Мы бюджэтнікі. У межах выдзеленых сродкаў і працуем, - адказала старшыня сельвыканкама. - Заменены 15 свяцілень у Валевачах і 5 - у Грабёнка. Усяго на абслугоўванні 497 свяцілень. Колькі будзе выдзелена сродкаў на гэтыя патрэбы ў 2020 годзе, пакуль сказаць не магу. У мінулым годзе пісалі хадайніцтва ў Барысаўскія сеткі пра замену існуючых свяцілень на энергазахавальныя. Замена дазволіла б нам эканоміць. Але, напэўна, там існуюць свае праблемы, таму што рухаецца гэта вельмі павольна. Абслугоўванне свяцілень зноў-такі перададзена на баланс ЖКГ.
Аляксей Батура распавёў усім прысутным аб правілах пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў, газавага абсталявання, электраправодкі і электрапрыбораў.
Таццяна Марцьянава. Фота аўтара

