Працу над папраўкамі ў Законапраект «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў», якая ідзе амаль год, абмяркоўвалі 11 лютага падчас пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Вось як пракаментавала папраўкі старшыня камісіі Людміла Макарэвіч-Кібак:
- Важна, каб людзі разумелі: калі хтосці патрапіў у бяду, мы па закліку сэрца павінны дапамагчы, а не імкнуцца зарабіць на гэтым. Але мы пакідаем грамадзянам права выбіраць, здаваць кроў бязвыплатна ці за грошы.
Спецыялісты падкрэсліваюць: бязвыплатнае не роўнае бясплатнаму, бо дзяржава бярэ на сябе выдаткі, клапоцячыся пра здароўе донараў. Тут і вызваленне ад працы з захаваннем сярэдняга заробку, і арганізацыя харчавання. У новым законе прапішуць і спецыяльныя кампенсацыйныя выплаты для бязвыплатных донараў на ўзмоцненае харчаванне, каб папоўніць страты жалеза, кальцыя, бялку. Толькі тым, хто здае кроў без грашовай выгады, плануюць ўручаць і знак адрознення Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь».
За апошнія 5 гадоў у Беларусі стала на 15 тысяч донараў крыві больш. Кроў бязвыплатна здавалі больш чым у 26% выпадкаў, а кампаненты крыві - прыкладна ў 15%.
Па выніках 2019-га нарыхтавана максімальная колькасць кампанентаў крыві за ўсю суверэнную гісторыю краіны. Мы цалкам задавальняем патрэбы клінічнай медыцыны, анкалогіі, онкагематалогii, акушэрства і гінекалогіі.
У новым законе плануюць прапісаць забарону на камерцыйныя здзелкі з крывёю і яе кампанентамі. Цяпер з дазволу Міністэрства аховы здароўя донарскую кроў можна экспартаваць, але за ўсю сваю суверэнную гісторыю наша краіна такую практыку не ўжывала...

