Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Яфіменка ўручыла падзячныя лісты і падарункі аператарам машыннага даення кароў Ніне Бабовіч (МТФ «Валевачы«), Зінаідзе Заголька (МТФ «Ягадка») і Вользе Корзун (МТФ «Ялча»), жывёлаводам Валянціне Камейка (МТФ «Чарнаградзь») і Віктару Леткеману (МТФ «Валевачы»).

Дырэктар ААТ «Валевачы» Андрэй Мохань у прывітальным слове адзначыў важкі ўклад жывёлаводаў у эканоміку сельгаспрадпрыемства. Летась доля жывёлагадоўлі ў агульнай грашовай выручцы гаспадаркі склала 65 працэнтаў. У параўнанні з 2018 годам выручка ў гэтай галіне павялічылася амаль на траціну, істотна ўзрасла прадуктыўнасць дойнага статка.

Андрэй Мохань уручыў падзякі і падарункі ад адміністрацыі і прафкама гаспадаркі аператарам машыннага даення кароў Тамары Павышавай (МТФ «Ялча»), Святлане Сасноўскай (МТФ «Валевачы») і Тамары Лубенька з МТФ «Ягадка», жывёлаводам Міхаілу Жылінскаму, Алене Лісіцы і і Ірыне Русецкай (МТФ «Чарнаградзь»), Аляксандру Бялясаву, Але Асташонак і Марыне Душэўскай (МТФ «Валевачы»), а таксама загадчыцы МТФ «Ялча» Валянціне Кашалёвай.
З канцэртнымі нумарамі перад удзельнікамі сустрэчы выступілі юныя салісткі Валевачэўскага сельскага Дома культуры.

