Нядаўна ў рамках акцыі «29 добрых спраў» вучні школы наведалі інтэрнат з канцэртам.
Усе выступоўцы загадзя вельмі адказна рыхтаваліся да мерапрыемства, шмат рэпетавалі і ўдумліва падбіралі рэпертуар. Бо іх гледачы - асаблівыя. Таму пачаць праграму вырашылі з самай шчырай песні «Як выдатна, што ўсе мы тут сёння сабраліся».

Яе праспяваў пад гітарны акампанемент Анастасіі Няхай вакальны гурт 8 класа «Дранікі». Пачатак выйшаў ідэальным для душэўнага збліжэння публікі і артыстаў: усе наступныя нумары ўспрымаліся «на біс»! Гледачы не шкадавалі далоняў, пляскаючы хлопцам. Дарэчы, удзельнічалі ў канцэрце і настаўнікі.

У цёплай, сяброўскай абстаноўцы вельмі хутка праляцела гэта гадзіна. Хлопцы і дарослыя з Запольскай школы дзякуюць мастацкаму кіраўніку Чэрвеньскага псіханеўралагічнага інтэрната Марыне СІНЯЎСКАЙ і дырэктарку Уладзіміру СЯМІЖОНУ за цёплы прыём і выказваюць надзею, што новая сустрэча - не за гарамі. Бо жаданне рабіць добрыя справы ніколі не сканчаецца!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Віталя ПАЛЯЧКОВА

