У Смалявічы прыехалі ўдзельнікі з райкамаў іншых гарадоў Міншчыны і кіраўніцтва абкама БРСМ. Для ўсіх арганізатары распрацавалі арыгінальную праграму. У сяброўскай абстаноўцы, за столікамі з прысмакамі і садавінай, хлопцы аб'ядналіся ў каманды для інтэлектуальнай гульні. Яна называлася «Мая радзіма - Беларусь».

Нашы дэлегаты, Паша і Саша, трапілі ў каманду з назвай «Зубры». У ёй гулялі прадстаўнікі Чэрвеня, Беразіно і Мар'інай Горкі. Назва самага буйнога і моцнага звера Беларусі прынесла дзецям перамогу - яны занялі першае месца.

Затым удзельнікі паглядзелі фільм на беларускай мове. Як адзначыў Павел КЛЫНДЗЮК, «гэта было так прыгожа, беларуская мова вельмі добра гучыць. Захацелася пасля гэтага мерапрыемства казаць на ёй часцей».

Магчыма, Павел неўзабаве рушыць услед прыкладу свайго кіраўніка з абласнога камітэта БРСМ? Бо Кірыл Шык, першы сакратар абкама, выдатна гаворыць на беларускай мове, у тым ліку, выступаючы на мерапрыемствах. Гэта выдатны прыклад таго, што гаварыць «на мове» - па-сапраўднаму сучасна, крута і па-маладзёжнаму.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Паўла КЛЫНДЗЮКА

