На гэтым мерапрыемстве ўчастковыя зрабілі справаздачу аб працы за мінулы год, падзяліліся планамі і адказалі на пытанні грамадзян.
На Чэрвень прыходзіцца трое участковых: Алег Суша, Уладзімір Мажароўскі і Ерамей Сямко. Спраўляцца з вялікімі ўчасткамі нялёгка, але міліцыянеры стараюцца. З маладым супрацоўнікам Ерамеем Сямко старэйшыя калегі ахвотна дзеляцца сваім велізарным вопытам і ведамі.
Як адзначыў у сваім дакладзе Алег Суша, агульная колькасць злачынстваў у Чэрвені за мінулы год вырасла ў параўнанні з 2018-м, і неабходна пры далейшай працы прыняць усе магчымыя меры, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

Асноўныя напрамкі дзейнасці ўчастковых на 2020-ы год - наступныя:
- папярэджанне бытавой злачыннасці;
- папярэджанне крадзяжоў асабістай маёмасці грамадзян;
- прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў з уразлівымі катэгорыямі грамадзян, у тым ліку пешаходамі, веласіпедыстамі, дзецьмі, пажылымі людзьмі, і прапаганда святловяртальных элементаў;
- сістэматычны кантроль ладу жыцця асоб, якія стаяць на прафілактычных ўліку ў РАУС, і раней судзімых.
На справаздачным сходзе прысутнічалі начальнік аддзела прафілактыкі РАУС Аляксандр Семчанка і начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Віктар Лапко.
Пасля справаздачы ўчастковых жыхары Червеня, якія прыйшлі на мерапрыемства, задалі міліцыянерам шмат пытанняў. У прыватнасці, аб крытэрах, па якіх вызначаецца ступень дапушчальнай самаабароны пры абароне ад правапарушальніка, аб правілах атрымання дазволаў на захоўванне i на нашэнне зброі, аб месцах горада, дзе няма неабходнасці мець флікер, аб магчымасці і ўмовах паступлення на службу ў РАУС.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

