Не парушаючы традыцый, закладзеных ў 2016 годзе камандай «45 lines», чэрвенская «Зорачка» зноў апынулася ў кроку ад кубка.
Наблізіцца ўшчыльную да кубка абсалютных пераможцаў дапамагла перамога ў адной з заліковых гульняў, а менавіта - «Брэйн-рынгу». Таксама нашы знаўцы ўзялі «срэбра» у «Сваёй гульні» і «Што? Дзе? Калі?».
Пяць гадоў таму кубак прайгралі салігорскім інтэлектуалам, апошнія гады аддавалі перамогу Лагойску і адзін раз абласному ліцэю з капітанам-чэрвенцам Андрэем Грышкіным. Але, як адзначыла кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў і трэнер «Зорачкі» Ірына Вабішчэвіч - «Не ў кубках шчасце! У нас крыштальны кубак ёсць. Галоўнае, што Зорачка годна адыграла на вобласці і гатова змагацца далей. Хлопцы ў чарговы раз пацвердзілі званне самай выніковай каманды клуба за 23 гады яго існавання».
Сапраўды, ніхто з чэрвеньскiх, акрамя «Зорачкі», не выйграваў золата «Тройкі» і не ўваходзіў у ТОП-5 каманд чэмпіянату рэспублікі па ЧГК. Гэта не лічачы іншых разнастайных перамог і медалёў за два сезоны.
Вось сумарны вынік «Зорачкі» па дыпломам упраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама: 4 дыплома другой ступені і адзін - першай, плюс 3 камплекты медалёў.
Як распавяла Ірына Іванаўна, капітану Паўлу Барбуку пашанцавала больш за іншых, бо на юніёрскім Чэмпіянаце ён атрымаў яшчэ дыпломы і медалі на ўсю ювенальскую каманду «Паддоная лодка».
Быў і торт, дружна з'едзены на зваротным шляху, была і вішанька на торце. Былі сэлф, некаторыя з якіх вы можаце ўбачыць прама тут.
Наталля Каралькевіч. Фота Ірыны Вабішчэвіч

