Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
27 Сакавік 2020

Выхавальнікі старшай групы дзіцячага садка №2 г.Чэрвеня: нам шкада развітвацца з нашым выхавальнікам

Калі дзіця ўпершыню ідзе ў дзіцячы садок, бацькі заўсёды хвалююцца: якія складуцца адносіны з выхавальнікам і дзецьмі. 

Адказы на гэтыя пытанні знаходзяцца адразу, калі дзіця з радасцю кожную раніцу збіраецца ў садок.

Маім унукам пашанцавала: атмасфера сяброўства і цеплыні  створана ў групе дзіцячага садка №2 г. Чэрвеня, якую яны наведваюць. Выхавальнікам тут працуе Аксана Мікалаеўна Свірыдовіч. Шмат любві аддае яна нашым дзецям і ўнукам! Работа з дзецьмі, а з малымі асабліва, не з лёгкіх. Але ў яе на ўсё хапае раўнавагі, цярпення, вытрымкі, дабрыні і спагады. Аксана Мікалаеўна сапраўдны прафесіянал. І не толькі ў пытаннях выхавання – яна яшчэ вельмі таленавіты чалавек. Пад яе кіраўніцтвам дзеці вучацца маляванню, лепцы з пластыліну, спасцігаюць пісьменнасць. Вынікі дзіцячай працы мы заўсёды бачым на інфармацыйных стэндах. Для нашага выхавальніка кожнае дзіця – творчы чалавек. І яна стараецца развіць у іх гэтыя здольнасці.

Кожную раніцу яна заўсёды з усмешкай і ў добрым настроі сустракае сваіх гарэзлівых малых, і яны адказваюць ёй узаемнасцю: у дзіцячы сад прыходзяць з жаданнем, а на занятках праяўляюць актыўнасць, з задавальненнем удзельнічаюць ва ўсіх культурных, спартыўных і забаўляльных мерапрыемствах.

Неадночы даводзілася чуць ад дзяцей: “Чаму, мама, ты мяне так рана забіраеш? Я хачу ячшэ пабыць у садку!” Ці гэта не самы красамоўны доказ таго, што дзецям утульна тут?

Аксана Мікалаеўна скончыла Мінскі педагагічны каледж. Дзіцячую псіхалогію ведае вельмі добра, спецыяльныя веды ў спалучэнні з асабістым вопытам выхавання – у яе шматдетная сям’я – даюць добры вынік у рабоце. Ды і вопыт мае вялікі: працоўны шлях пачала ў 2000 годзе ў дзіцячай установе №4 г.Чэрвеня, а ў нашым садку працуе з 2006 года. Летам яна ў чацвёрты раз развітаецца з чарговым выпускам дзіцячага садка №2, нашы дзеці пойдуць у школы. Як сведчыць сама Аксана Мікалаеўна, памятае яна кожнае дзіця і вельмі рада праз гады сустрэчам са сваімі выхаванцамі.

Гледзячы на тое, як Аксана Мікалаеўна з радасцю штодня збіраецца да сваіх гадаванцаў, яе старэйшая дачка таксама абрала прафесію педагога: сёлета заканчвае Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка, толькі працаваць будзе са школьнікамі.

Аксана Мікалаеўна за тры гады стала сапраўднай другой мамай для нашых дзяцей. Мы ўдзячны ёй за сардэчнае цяпло, за тыя добрыя чалавечыя якасці, якія яна выхавала ў нашых дзяцей. Жадаем ёй моцнага здароўя, цярпення ў нялёгкай працы педагога, асабістага шчасця, здзяйснення мараў і надзей і добрых выхаванцаў!

Ад імя бацькоў, бабуль і дзядуль – Ірына АЛЯШКЕВІЧ.

 Фота Таццяны Марцьянавай

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць