Амаль на любой старой фатаграфіі можна ўбачыць на абароце надпіс «На доўгую і добрую памяць». У ранейшыя часы фатаграфіі былі рэдкімі, рабілі іх не кожны дзень, як цяпер, а па асаблівых выпадках. Як правіла, надрукаваныя фотакарткі дарылі сваякам або блізкім людзям, каб тыя іх захоўвалі і добрым словам, усмешкай ўспаміналі адпраўніка.
У многіх сем'ях і сёння беражліва захоўваюцца фотаальбомы ранейшых гадоў. Ёсць і здымкі ветэранаў, нават з ваенных часоў. Напярэдадні Дня Перамогі «Раённы веснiк» прапануе чытачам падзяліцца з газетай фатаграфіямі сваіх сваякоў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай. Будуць гэта здымкі саракавых, сямідзесятых або двухтысячных гадоў - усё роўна. Партызан на фатаграфіі, салдат, афіцэр ці падлетак-сувязны - таксама ўсё роўна. Дайшоў да Берліна або перажыў акупацыю, блакаду - дасылайце. Бо ўсе тыя людзі, якія перажылі вайну і яна хоць неяк іх кранула, вартыя вялікай павагі. Давайце перагледзім сямейныя архівы, распытаем бабуль і дзядуль.
Самі здымкі прысылаць не трэба, хай яны захоўваюцца там, куды адрасаваны. Дастаткова перазняць і адправіць копію па электроннай пошце Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або у любую групу раёнкі ў сацсетках. Абавязкова напішыце імя і прозвішча таго, хто на фота, кім ён вам даводзіцца, як і ад каго вы атрымалі здымак і інфармацыю. Калі ведаеце баявы шлях таго, хто на фота, ці гісторыю здымка - сцісла напішыце. Пастараемся ацаніць як мага больш удзельнікаў, магчыма, кожнага. Усе фатаграфіі і гісторыі будуць выстаўлены на сайце газеты. Хай спраўдзяцца пажаданні, напісаныя на абарачэннях пажоўклых фотаздымкаў - хай наша памяць будзе сапраўды доўгая і добрая.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Ілюстрацыя з інтэрнэту

