Ваенны камісар Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Дзмітрый Мікалаевіч Сініцкі падзякаваў Мікалаю Фёдаравічу за мужнасць падчас ваенных дзеянняў, за доблесную працу ў мірныя гады, за вялікую работу сярод моладзі па патрыятычнаму выхаванню.

Старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Фёдаравіч Ладуцька ўручыў франтавіку падарунак і віншавальны адрас ад Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.

Мікалай Фёдаравіч Козыраў у пятнаццаць гадоў сышоў у партызаны. У складзе партызанскай групы Рыгора Баразны (са студзеня 1943 - партызанскі атрад імя К. Ракасоўскага) удзельнічаў у «рэйкавай вайне». Праводзіў аперацыі па падрыву чыгункі Мінск - Пухавічы. Пусціў пад адхон два варожых воінскіх эшалона, знішчыў сем нямецкіх аўтамашын. Пасля вызвалення родных мясцін, Мікалай Фёдаравіч далучыўся да дзеючай арміі. У складзе 1-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у вызваленні Варшавы і штурме Берліна. Служыў кіроўцам, падвозіў боепрыпасы. Вярнуўся ў родныя мясціны ў 1953 годзе. Скончыў дзесяць класаў вячэрняй школы, паступіў на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў настаўнікам матэматыкі, дырэктарам школы. Узначальваў мясцовы аддзел адукацыі.
Мікалай Фёдаравіч Козыраў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» II ступені, «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне» і знакам «Выдатнiк народнай асветы (БССР)».
Галіна Гамеза. Фота аўтара

